У Менску прадаюць з аўкцыёну спартыўны комплекс з убудаванай царквой
5- 17.07.2025, 17:22
- 3,576

Комплекс быў пабудаваны ў канцы 1990-х на тэрыторыі завода «Атлант».
У Менску з аўкцыёну прадаюць нязвыклы спартовы комплекс, які адначасова з'яўляецца і рэлігійным аб'ектам. Гаворка ідзе пра будынак фізкультурна-аздараўленчага комплексу ЗАТ "Атлант" на вуліцы Сапёраў, 5. Асаблівасць гэтага ФАКу ў тым, што на чацвёртым паверсе ў ім знаходзіцца праваслаўная царква, а на даху - пазалочаны купал са званіцай, піша Blizko.by.
Комплекс быў пабудаваны ў канцы 1990-х на тэрыторыі завода "Атлант" паводле праекту архітэктара Алы Просянай. Стварэнне царквы стала магчымым дзякуючы ініцыятыве тагачаснага дырэктара прадпрыемства Леаніда Калугіна.

Цікава, што мясцовая рэлігійная абшчына носіць назву «Прыход храма праведнага Іаана Кранштацкага», але сама царква прысвечаная Яну Рыльскаму. Першапачаткова планавалася зрабіць большы храм у вялікай зале на другім паверсе, але ад гэтай ідэі адмовіліся, і зараз прыходу выдзелены новы надзел для будаўніцтва асобнага храма.

Сам спартыўны комплекс уключае некалькі залаў: трэнажорная, гімнастычная, залы для адзінаборстваў, фітнэсу, настольнага тэніса, а таксама більярдны, пакой для дартса, дзве саўны з басейнам, масажны і касметычны кабінеты, цырульню, кавярню-бар і нават швачнае атэлье. Агульная плошча будынка - амаль 12 тысяч кв.м.

Стартавая цана на аўкцыёне - 22,6 мільёна беларускіх рублёў. З улікам усіх плацяжоў будынак можа абысціся пакупніку прыкладна ў 24 мільёны рублёў (каля 8,2 мільёна даляраў).

Аўкцыён адбудзецца 15 жніўня аб 11:00.
