Абноўлены Кабмін Украіны правёў першае пасяджэнне
1- 17.07.2025, 20:11
- 2,044

Свірыдзенка раскрыла дэталі.
Кабінет міністраў Украіны ўпершыню правёў пасяджэнне ў новым складзе. Кожнаму міністру даручылі распрацаваць канкрэтны план дзеянняў.
Пра гэта паведамляе Charter97.org са спасылкай на прэм'ер-міністарку Украіны Юлію Свірыдзенку ў Facebook.
«Першае паседжанне новага ўраду правялі адразу пасля галасавання ў парламенце. Кожны міністр павінен у максімальна кароткія тэрміны вызначыць канкрэтны план дзеянняў. Без абстракцый», – напісала кіраўніца ўраду.
Паводле ейных словаў, такія планы будуць прадстаўленыя публічна. Таксама іх будуць абмяркоўваць з профільнымі камітэтамі Рады. Пасля гэтага міністры павінны будуць рэгулярна даваць справаздачу.
Свірыдзенка звярнула ўвагу, што ў яе ўжо ёсць пазітыўны досвед працы з эканамічным камітэтам, і яна спадзяецца на такое самае канструктыўнае ўзаемадзеянне з іншымі камітэтамі.
Прэм'ерка звярнула ўвагу, што новы ўрад – адзін з самых маленькіх колькасцю міністраў за ўсю гісторыю.
Нагадаем, сёння, 17 ліпеня, Вярхоўная Рада прызначыла новай прэм'еркай Юлію Свірыдзенку.
Згодна з пастановай парламента, міністрам абароны Украіны стаў Дзяніс Шмыгаль, а Андрэй Сібіга захаваў пасаду міністра замежных справаў.
Абнаўленне Кабміна закранула і іншыя міністэрствы. Некаторыя ўстановы былі аб'яднаныя, а Мінадзінства – ліквідаванае.