29 лiпеня 2025, aўторак, 21:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Telegraph: Расейскія банкі апынуліся на мяжы заняпаду

The Telegraph: Расейскія банкі апынуліся на мяжы заняпаду

Кожны трэці рубель ідзе на ваенныя патрэбы.

Расейскія банкі спрабуюць атрымаць дапамогу ад Масквы, бо пазычальнікі хочуць выплаціць крэдыты ў эканоміцы, якая пацярпела ад вайны. Прынамсі тры найбуйнейшыя банкі краіны разглядаюць магчымасць дзяржаўнага выратавання. Пра гэта піша The Telegraph.

Такія дзеянні з'яўляюцца прыкметай таго, што краіна змагаецца пад ціскам уварвання РФ ва Украіну.

Адзначаецца, што чыноўнікі загадалі банкам пазбягаць раскрыцця поўнага аб'ёму дрэнных крэдытаў, а замест гэтага рэструктурызаваць сваю справаздачнасць, каб паказаць лепшую карціну. Аднак такая тактыка, як пішуць СМІ, хутчэй за ўсё, вычэрпваецца, таму банкі і маюць патрэбу ў падтрымцы з боку Масквы.

«Эканоміка Расеі знаходзіцца пад ціскам выдаткаў на вайну Уладзіміра Пуціна ва Украіне, санкцый, уведзеных заходнімі краінамі, страты працоўнай сілы як ва Узброеных сілах, так і праз уцёкі за мяжу, а таксама падзенне коштаў нафты, што пагражае крытычна важнай крыніцы даходаў для ўрада»,-нагадалі ў выданні.

Паводле афіцыйных ацэнак, летась эканоміка РФ вырасла на 4,3%. Як піша The Telegraph, кожны трэці рубель, выдаткаваны Масквой, ідзе на вайсковыя патрэбы.

У той жа час спіралепадобны рост коштаў на прадукты і дэфіцыт працоўнай сілы таксама павялічылі інфляцыю да двухзначных лічбаў. Шараговыя расейцы з усіх сіл спрабуюць набыць некаторыя з самых неабходных рэчаў, бо нават бульбу ў Расеі цяпер у дэфіцыце.

«Цэнтральны банк спрабуе кантраляваць сітуацыю, нягледзячы на ўтрыманне адсоткавых ставак на ўзроўні 20 адсоткаў. Урадавыя фінансы таксама знаходзяцца пад ціскам вялікіх бонусных выплат і высокіх заробкаў для жаўнераў, хоць яны дапамагаюць падтрымліваць сямейныя бюджэты вайскоўцаў нават ва ўмовах імклівай інфляцыі», - патлумачылі ў матэрыяле.

У сваю чаргу даходы Расеі скараціліся таксама і ад продажу нафты на траціну ў параўнанні з мінулым годам.

Паводле прагнозу аналітыкаў Goldman Sachs, рубель абясцэніцца на 30% у дачыненні да даляра на працягу гэтага года, што, як чакаецца, прывядзе да далейшага павелічэння кошту імпарту ў РФ.

«Насоўваецца яшчэ большы ціск. Дональд Трамп пагражае ўвесці 100-адсоткавыя тарыфы на амерыканскі імпарт прадукцыі з краін, якія гандлююць з Расеяй, калі Пуцін не пагодзіцца на ўгоду аб Украіне, што пагражае далейшай ізаляцыяй краіны - выгнанне з глабальнай эканомікі», - рэзюмавалі ў The Telegraph.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках