Канфлікт Азербайджана з Пуціным выйшаў на новы ўзровень
14- 18.07.2025, 21:53
- 46,270

Баку адмовіўся ўдзельнічаць у Эканамічным савеце СНД.
Першы віцэ-прэм'ер Урада Азербайджана Ягуб Эюбаў не прыедзе ў Маскву на пасяджэнне эканамічнай рады Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). Пра гэта выданню Trend паведаміла дасведчаная крыніца.
Са слоў суразмоўцы, Баку пастанавіў не ўдзельнічаць у працы органа, які забяспечвае эканамічнае супрацоўніцтва краін СНД, з-за канфлікту з Масквой, які абвастрыўся. «Прычына такой пастановы - нядаўнія падзеі ў Екацярынбургу, збіты расейцамі ў канцы мінулага года борт AZAL і нежаданне расейскага боку распачаць адэкватныя крокі для ўрэгулявання гэтых пытанняў», - сказала крыніца.
У дачыненнях паміж Расеяй і Азербайджанам за апошні год паўсталі дзве фазы абвастрэння. У канцы снежня 2024-га на тэрыторыі Казахстана ўпаў цывільны лайнер азербайджанскай авіякампаніі AZAL, які, паводле папярэдніх звестак, быў падбіты расейскай сістэмай СПА ў Грозным падчас налёту ўкраінскіх дронаў на горад.
У выніку трагедыі загінулі 38 чалавек. Баку ўсклаў адказнасць за тое, што адбылося на Маскву, абвінаваціўшы расейскіх вайскоўцаў у абстрэле самалёта і запатрабаваўшы дэталёвага расследавання з кампенсацыямі пацярпелым. Пасля гэтага ўлады закрылі прадстаўніцтва рассупрацоўніцтва - «Рускі дом» у Баку і заблакавалі шэраг прапагандысцкіх расейскіх СМІ, уключаючы «Царград» мільярдэра Канстанціна Малафеева і «Газпрам-медыя», які належыць «Матч ТВ».
У канцы чэрвеня 2025 года падчас масавых ператрусаў і затрыманняў у дамах азербайджанцаў у Екацярынбургу ў справах шматгадовай даўніны загінулі браты Зіядзін і Гусэйн Сафаравы, якія лічыліся асноўнымі падазраванымі ў расправе над бізнэсоўцам Юнісам Пашаевым. МЗС Азербайджана запатрабавала расследаваць здарэнне, абвінаваціўшы супрацоўнікаў ФСБ у «зверскім забойстве» ураджэнцаў рэспублікі, а таксама ўручыў амбасадару РФ у Баку Пятру Волакавых ноту пратэсту.
Пасля гэтага расейскія і азербайджанскія сілавікі правялі серыю затрыманняў і арыштаў у гарадах дзвюх краін. У Баку 30 чэрвеня былі затрыманыя сямёра супрацоўнікаў крамлёўскага навінавага агенцтва Sputnik, працу якога пасля катастрофы самалёта AZAL было загадана спыніць. На наступны дзень дваіх з іх - кіраўніка рэдакцыі Ігара Картавых і шэф — рэдактара Яўгена Белавусава -арыштавалі паводле абвінавачвання ў махлярстве, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і адмыванні злачынных даходаў. Баку разглядае іх як супрацоўнікаў ФСБ пад прыкрыццём.
У сераду суд у Екацярынбургу адправіў у СІЗА сына кіраўніка Азербайджанскай дыяспары Урала Мутвалы Шыхлінскі, якога абвінавацілі ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да прадстаўніка ўлады (артыкул 318 КК РФ).