ЕЗ забараніў Індыі і Турцыі нажывацца на пастаўках нафтапрадуктаў з расейскай нафты
1- 18.07.2025, 14:56
- 5,692

«Чорны ход» закрыты.
Ухвалены краінамі ЕЗ 18-ы пакет санкцый прадугледжвае забарону на імпарт з трэціх краін прадуктаў перапрацоўкі, якія атрымліваюцца з расейскай нафты. Галоўнымі іх пастаўшчыкамі з'яўляюцца Індыя, дзе дзейнічае НПЗ «Раснафта», які напалову належыць Расеі, і Турцыя, якая зарабіла мільярды на продажы ў Еўропу нібыта перапрацаванага расейскага паліва.
ЕЗ хоча закрыць дарогу для расейскай нафты, якая трапляе да яго «праз чорны ход», заявіла больш за месяц таму старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен: «Мы ўводзім забарону на імпарт прадуктаў нафтаперапрацоўкі на аснове расейскай нафты». У I квартале 2025 года Індыя і Турцыя агулам набывалі ў Расеі 1,8 млн барэляў сырой нафты за дзень, а ЕЗ імпартаваў з іх амаль 450 000 барэляў дызеля і іншых нафтапрадуктаў. Не ўсе аб'ёмы, якія трапляюць у ЕЗ, належаць да сыравіны з Расеі, але такія аперацыі выгадныя перапрацоўшчыкам, бо яны купляюць нафту са зніжкай, а паліва прадаюць рынкавымі коштамі.
ЕЗ указаў, што ўводзіць забарону на імпарт нафтапрадуктаў з «найбуйнейшага НПЗ «Раснафты» ў Індыі». Хоць само прадпрыемства не названае, абмежавальныя меры ўведзеныя ў дачыненні да НПЗ Vadinar, паказвае выданне OpIndia. Ён быў пабудаваны індыйскай кампаніяй Essar Oil, а цяпер належыць і кіруецца Nayara Energy, у якой «Раснафта» валодае 49,13% акцый.
За апошнія тры гады Індыя, другі па велічыні пакупнік расейскай нафты, практычна падвоіла экспарт нафтапрадуктаў у Еўропу, казаў у чэрвені галоўны выканаўчы дырэктар «Раснафты» Ігар Сечын на Пецярбуржскім эканамічным форуме.
Дагэтуль санкцыйныя нормы ЕЗ дазвалялі купляць прадукты з расейскай нафты, калі яны былі істотна перапрацаваныя. Але ў Турцыі некаторыя прадпрыемствы толькі рабілі выгляд, што пастаўляюць у Еўропу такі тавар. Некаторыя тэрміналы, нават не маючы перапрацоўчых магутнасцяў, значна павялічылі закупкі як сырой нафты, так і паліва з Расеі і адначасова моцна нарасцілі экспарт у ЕЗ.
З увядзеннем эмбарга ў пачатку лютага 2023 г. і да канца лютага 2024 г. Турцыя агулам імпартавала расейскіх нафтапрадуктаў на 17,6 млрд еўраў — на 105% больш, чым за папярэдні аналагічны перыяд. А экспарт паліва ў ЕЗ яна павялічыла за той жа час на 107%, падлічылі ў 2024 годзе Цэнтр даследавання дэмакратыі і Цэнтр даследавання энэргетыкі і чыстага паветра (CREA).
З падлікаў CREA, з моманту ўвядзення ў ЕЗ эмбарга на расейскую нафту да чэрвеня 2025 года Турцыя стала найбуйнейшым пакупніком расейскіх нафтапрадуктаў - 26% сукупнага расейскага экспарту амаль на 40 млрд еўраў. Індыя займае 4-е месца. Што тычыцца сырой нафты, то Індыя купіла яе за гэты перыяд амаль на 100 млрд еўраў (38% сукупнага экспарту), тады як Турцыя размясцілася на 4-м месцы з 6%.
Лідарка еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас таксама заявіла, што санкцыі ўпершыню ўводзяцца супраць рэестра суднаў, якія ходзяць пад індыйскім сцягам. Гэта дазволіць ЕЗ прымаць меры супраць танкераў пад індыйскім сцягам за падтрымку імі гандлю расейскай нафтай, адзначае OpIndia.