Чэхія легалізавала марыхуану
34- 18.07.2025, 19:21
- 5,308

Грамадзянам дазваляюць вырошчваць да трох кустоў канабісу ў хатніх умовах.
Прэзідэнт Чэхіі Пётр Павел зацвердзіў закон, які прадугледжвае частковую дэкрыміналізацыю марыхуаны. Пра гэта паведамляе MSN. Згодна з новымі правіламі, грамадзянам цяпер дазволяць вырошчваць да трох кустоў канабісу ў хатніх умовах і захоўваць не больш за 100 грамаў рэчыва. Па-за домам дапушчальна мець пры сабе да 25 грамаў.
За захоўванне ад 100 да 200 грамаў марыхуаны ці вырошчванне ад чатырох да пяці раслін будзе прадугледжанае адміністрацыйнае пакаранне. Большыя аб'ёмы па-ранейшаму будуць кваліфікавацца як крымінальнае злачынства.
Спробу заблакаваць закон рабіла вярхоўная дзяржаўная пракурорка Чэхіі Ленка Брадачова. Яна папярэджвала, што новая норма можа быць выкарыстаная наркагандлярамі. Аднак Мінюст Чэхіі, які выступіў аўтарам ініцыятывы, абвергнуў яе асцярогі, указаў на няправільнае тлумачэнне палажэнняў закона.
У Нямеччыне аналагічная мера ўступіла ў сілу 1 красавіка 2024 года. Канабіс быў выключаны з пераліку забароненых рэчываў, рэгламентаваных законам аб наркотыках. Паўналетнія грамадзяне атрымалі права мець да 25 грамаў марыхуаны пры сабе і захоўваць да 50 грамаў дома. Таксама было дазволена вырошчванне да трох кустоў дзеля асабістага карыстання. Ужыванне ў грамадскіх месцах дапускюць толькі ўдалечыні ад школ, дзіцячых устаноў і спартыўных пляцовак. Як адзначаў Reuters, легалізацыя канабісу можа штогод прыносіць нямецкаму бюджэту каля $4,7 млрд. і стварыць амаль 27 тысяч новых працоўных месцаў.