Ірландзец, які тэставаў беларускія сталоўкі, з'ехаў з Беларусі
21- 18.07.2025, 21:15
- 21,152

Найл Доэрці пражыў у нашай краіне 10 гадоў.
Блогер з Ірландыі Найл Доэрці дзесяць гадоў пражыў у Менску. Пад нікам Irish Partizan ён публікаваў агляды на розныя беларускія сталоўкі.
Нядаўна Доэрці з'ехаў з нашай краіны.
Паводле словаў Найла, сваё першае відэа пра Беларусь ён выклаў яшчэ ў 2019 годзе. І яно было прысвечанае святкаванню Дня Перамогі ў Гомелі.
«Я выкарыстаў свой канал, каб весці відэаблог і дакументаваць паўсядзённае жыццё ў Беларусі – жыццё ірландца, які жыве і працуе ў Беларусі, у Менску. З часам я стаў кімсьці накшталт Mr. Менск. Многія звярталіся да мяне і гаварылі, што знайшлі ўва мне вялікую крыніцу натхнення, – расказвае Доэрці і заўважае: – Але, як кажуць, усе падарожжы ўрэшце павінны калі-небудзь скончыцца».
Паводле ягоных словаў, сур'ёзныя змены пачаліся яшчэ напрыканцы мінулага года. На Каляды ягоны канал страціў магчымасць манетызавацца праз санкцыі Google супраць Беларусі, што азначала страту прыбытку з YouTube. Але гэта, паводле словаў блогера, не стала пачаткам праблемаў.
Найл кажа, што раней падпісчыкі скардзіліся на тэхнічныя збоі – іх аўтаматычна адпісвалі ад канала, а каментары не адлюстроўваліся.
«Кожны раз, калі я выкладаў новае відэа, я страчваў у сярэднім ад 20 да 25 падпісчыкаў – з кожным відэа. І гэта жудасна хвалявала», – скардзіцца Доэрці.
Акрамя праблемаў з YouTube, у асабістым жыцці Найла таксама адбыліся змены. У сярэдзіне сакавіка ён быў звольнены з ІТ-кампаніі, у якой працаваў. Пасля гэтага блогер прыняў прапанову працы ў новай краіне.
Найл пакуль не называе краіну, куды пераязджае, аднак кажа, што гэта не Расея, якую ён некалькі разоў згадваў на сваім канале.
«Так, я пакідаю Беларусь. Дзесяць гадоў жыцця. Так, гэта крыху сумна. Але надышоў час ісці далей. Пачынаецца новы раздзел – поўны надзей і адкрыццяў».