Куды імкнуцца паступіць беларускія абітурыенты ў 2025 годзе?
2- 19.07.2025, 10:44
- 5,334

Конкурс ва ўсёй краіне склаў у сярэднім 1,4 чалавека на месца.
17 ліпеня ў Беларусі скончыўся прыём дакументаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Журналісты «Белсату» паглядзелі, якія спецыяльнасці папулярныя ў беларускіх абітурыентаў, а якія – не вельмі.
Як паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец, на 31,8 тысячы бюджэтных месцаў у ВНУ дакументы падалі 46,1 тысячы абітурыентаў. Атрымліваецца, што ўсяго па крану конкурс склаў у сярэднім 1,4 чалавека на месца.
Іванец таксама паведаміў, што раней ужо былі залічаныя 5,7 тысячы мэтавікоў і яшчэ 500 пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд. Па выніках падачы дакументаў на залічэнне без уступных выпрабаванняў прэтэндуюць блізу 4,4 тысячы чалавек. Гэта пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, уладальнікі залатых і сярэбраных медалёў, дыпломаў з адзнакай пасля каледжаў, выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка і профільных класаў. Яшчэ блізу 700 чалавек будуць залічаныя па-за конкурсам.
Са слоў міністра, конкурсы больш за пяць чалавек на месца былі на такія спецыяльнасці, як «Графічны дызайн і мультымедыя дызайн», «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі», «Правазнаўства», «Педыятрыя»і іншыя.
Таксама Іванец адзначыў, што на спецыяльнасці «Стаматалогія», «Сусветная эканоміка», «Міжнародная эканоміка і гандаль», «Практычная інфарматыка», «Перакладчыцкая справа», «Праграмная інжынерыя» падаваліся абітурыенты, якія набралі ў суме балаў больш за 390 (нагадаем, што максімальная колькасць – 400).
Адзначаецца таксама, што сёлета сталі вышэйшымі паказчыкі прыёму на педагагічныя спецыяльнасці. У БДПУ імя Максіма Танка план прыёму на дзённую форму навучання складаў 1040 месцаў на бюджэт, а падалі дакументы блізу 1,6 тысячы абітурыентаў, з іх 500 – гэта мэтавікі.
Сярод астатніх 1100 абітурыентаў, якія паступалі на агульных падставах, адзначыў Іванец, «блізу 250 выпускнікоў педагагічных класаў, 55 медалістаў, каля 80 уладальнікаў дыпломаў каледжаў з адзнакай. Больш за 300 абітурыентаў маюць суму балаў для паступлення больш за 300. У гэтым годзе 391 студэнт залічаны паводле мэтавай дамовы - гэта блізу 40% ад агульнай колькасці бюджэтных месцаў, што на траціну больш, чым летась».
Таксама Іванец звярнуў увагу на тое, што рэгіянальныя ўніверсітэты карыстаюцца попытам сярод абітурыентаў. Тады як на бюджэт было запланавана 14,7 тысячы месцаў, дакументы падалі 20,1 тысячы чалавек.
Самая высокая канкурэнцыя назіраецца ў Гарадзенскім універсітэце імя Янкі Купалы, Віцебскім універсітэце імя П.М. Машэрава, Беларуска-расейскім універсітэце, Гомельскім універсітэце імя Францыска Скарыны і Берасцейскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце.
Што ў асобных ВНУ
У Беларускім дзяржаўным універсітэце агульны конкурс на дзённы бюджэт склаў 1,65 чалавека на месца пры плане прыёму 2607, адзначыў рэктар гэтай ВНУ Андрэй Кароль.
Найбольшы конкурс сёлета назіраўся на спецыяльнасць «Графічны і мультымедыйны дызайн» – амаль 15 чалавек на месца. На «Дызайн прадметна-прасторавага асяроддзя» прэтэндавалі каля шэсць чалавек на месца, а на «Дызайн касцюма і тэкстылю» – пяць чалавек на месца. Цікава, што пры прахадным бале 396 і вялікай колькасці мэтавікоў і тых, хто паступае без экзаменаў на «Міжнародную канфлікталогію» адбыўся недабор – не стае аднаго чалавека.
Без экзаменаў сёлета было залічана 555 абітурыентаў, што амаль на 100 чалавек больш, чым летась.
«Важна адзначыць, што 27,5% ад агульнай колькасці падаўшых дакументы склалі медалісты: 1186 чалавек у 2025 годзе (у 2024 годзе – 1091)», – падкрэсліў рэктар БДУ.
Андрэй Кароль звярнуў увагу: сёлета каб заахвоціць першакурснікаў для паступлення на педагагічныя спецыяльнасці прыродазнаўчага профілю, у БДУ прадугледжаны дадатковыя сацыяльныя гарантыі. Студэнтам, якія паступяць на фізічны, механіка-матэматычны, хімічны або біялагічны факультэты, гарантуецца месца ў інтэрнаце на ўвесь перыяд навучання. Акрамя таго, яны атрымаюць матэрыяльную дапамогу сумай 10 базавых адзінак на працягу першага курса.
А вось найменш папулярнымі спецыяльнасцямі ў БДУ сёлета сталі «Дзяржаўны аўдыт», куды прахадны бал склаў усяго 166. На другой пазіцыі з канца – спецыяльнасці, звязаныя з фізікай, напрыклад, на «Медыцынскую фізіку» пададзена толькі 18 заяў з 20 магчымых, мінімальны бал – 171. Трэцяе месца сярод найменш запатрабаваных займае ўласна «Фізіка» – тут недабор складае аж 30 чалавек, а самы нізкі бал сярод тых, хто падаў дакументы - 176.
У Беларускім універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі найбольш папулярнымі былі ІТ-спецыяльнасці, асабліва праграмаванне і камп'ютарная бяспека. Так, самым высокім быў конкурс на спецыяльнасць факультэта камп'ютарных сістэм і сетак «Праграмная інжынерыя» – 4,5 чалавека на месца, а на спецыяльнасць факультэта інфармацыйных тэхналогій «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі» – 5,5 чалавека на месца. Найменш запатрабаванымі былі інжынерна-педагагічныя і эканамічныя спецыяльнасці.
Сярод спецыяльнасцяў з найвышэйшым прахадным балам у лідарах «Арганізацыя знешнеэканамічнай дзейнасці прадпрыемства», прахадны бал – 371, конкурс – 4,4 чалавека на месца. Далей ідуць «Бізнэс-адміністраванне» і «Маркетынг» з прахадным 361 і конкурсам пяць і 4,5 чалавека на месца адпаведна.
Самы нізкі прахадны бал (131) у БНТУ быў зафіксаваны на «Матэрыялазнаўстве ў машынабудаванні».
У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце сёлета самыя высокія прахадныя балы зафіксаваныя на спецыяльнасцях «Бізнэс – адміністраванне» і «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурнай камунікацыі» (блізу 380), хоць конкурс на іх быў даволі невялікі - прыкладна два чалавекі на месца.
На другім месцы апынулася «Эканамічная інфарматыка» з патрабаваннем мець больш за 376 балаў, а «Сусветная эканоміка» заняла трэцюю пазіцыю з прахадным балам блізу 370.
Найменшы конкурс у гэтай ВНУ быў на спецыяльнасць «Таваразнаўства», для таго каб паступіць на яе, неабходна было набраць блізу 280 балаў. Але конкурс усё адно склаў два чалавекі на месца. Невысокі конкурс быў на «Статыстыку» (прахадны бал 310) і «Фінансы і крэдыт» (315 балаў).
Падача дакументаў на бюджэт у сельскагаспадарчыя і сілавыя ВНУ закончыцца толькі 19 ліпеня. З 18 да 25 ліпеня ў ВНУ пройдуць Унутраныя экзамены для творчых і спартыўных спецыяльнасцяў, а таксама для навучэнцаў каледжаў, якія паступаюць на скарочаны тэрмін.
Залічэнне на бюджэт закончыцца 27 ліпеня, інфармацыю аб выніках абяцаюць апублікаваць на сайтах ВНУ і ў асабовых кабінетах. Платны набор працягваецца да 1 жніўня, у аграрных ВНУ – да 2 жніўня.