27 лiпеня 2025, Нядзеля, 19:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Названы просты спосаб знізіць узровень стрэсу за 11 хвілінаў

2
Названы просты спосаб знізіць узровень стрэсу за 11 хвілінаў

Карысная рада ад навукоўцаў.

Нават кароткая штодзённая практыка глыбокай рэлаксацыі памяншае ўзровень стрэсу, трывожнасці і сімптомы дэпрэсіі, а таксама ўплывае на ўзровень картызолу – галоўнага гармону стрэсу. Да такой высновы прыйшлі даследнікі з Універсітэта Бундэсвера ў Мюнхене. Яны вывучылі тэхніку медытацыі пад назвай ёга-нідра, ці «ёгічны сон», і высветлілі, што нават 11 хвілінаў за дзень ужо прыносяць карысць, а больш доўгія 30-хвілінныя сеансы даюць дадатковы эфект. Праца апублікаваная ў часопісе Stress and Health.

Ёга-нідра – гэта накіраваная медытацыя, падчас якой чалавек застаецца ў свядомасці, але ўваходзіць у глыбокі стан паслаблення. Яна ўключае канцэнтрацыю на дыханні, цялесных адчуваннях і разумовых выявах. Мяркуецца, што такая практыка паляпшае сон, настрой і дапамагае спраўляцца з трывогай. Аднак да гэтага часу было мала звестак, ці ўплывае яна на такія фізіялагічныя маркеры стрэсу, як узровень картызолу.

У даследаванні ўдзельнічалі 362 дарослыя. Іх выпадковым чынам падзялілі на чатыры групы: дзве групы займаліся ёга-нідрай – адна 11 хвілінаў, другая 30, трэцяя слухала расслабляльную музыку, а чацвёртая была кантрольнай. Удзельнікі займаліся штодзень цягам двух месяцаў. Акрамя анкетаў аб псіхаэмацыйным стане, 229 добраахвотнікаў здавалі сліну для вымярэння ўзроўню картызолу цягам сутак.

Высветлілася, што нават кароткая 11-хвілінная практыка зніжала ўзровень трывогі, дэпрэсіі, стрэсу і схільнасць да дакучлівых думак, а таксама паляпшала агульнае самаадчуванне. Пры рэгулярнай практыцы назіралася зніжэнне агульнай выпрацоўкі картызолу і больш выяўленае яго зніжэнне цягам дня – такі гарманальны профіль звязаны з лепшай стрэсаўстойлівасцю.

30-хвілінная практыка была асабліва карыснай для людзей з высокім узроўнем трывожнасці і дазваляла лепш утрымліваць увагу ў цяперашнім моманце. Яна таксама памяншала рэзкі ранішні ўздым картызолу, што можа азначаць больш спакойны пачатак дня.

Навукоўцы плануюць прадоўжыць даследаванне, каб зразумець, як індывідуалізаваць практыку пад канкрэтныя асаблівасці чалавека і як яе доўгае ўжыванне адбіваецца на здароўі ў доўгатэрміновай перспектыве.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках