26 лiпеня 2025, Субота, 11:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Вялікай Брытаніі распрацоўваюць знішчальнік-нябачнік, здольны атакаваць аб'екты ў глыбіні Расеі

2
У Вялікай Брытаніі распрацоўваюць знішчальнік-нябачнік, здольны атакаваць аб'екты ў глыбіні Расеі
ФОТА: THE TELEGRAPH

Самалёт закліканы замяніць Typhoon і F-35A.

Вялікая Брытанія супольна з Японіяй і Італіяй працуе над стварэннем новага флагманскага знішчальніка шостага пакалення, які ў выпадку вайны РФ супраць NATO зможа незаўважна для сістэмаў СПА дабрацца да вайсковых цэляў на тэрыторыі Расеі без дазапраўкі і атакаваць іх. Пра гэта піша The Telegraph.

Звышгукавы знішчальнік-нябачнік, які ў Брытаніі завуць Tempest, будзе мець вялікія габарыты, каб усярэдзіне борта можна было размясціць дадатковыя паліўныя бакі, значныя аб'ёмы карыснай нагрузкі, узбраення і тэхнічных сродкаў. Усё гэта дазволіць яму лятаць на вялікія адлегласці – углыб варожай тэрыторыі. Паводле словаў вайсковага аналітыка Фрэнсіса Туса, у выпадку патэнцыйнага канфлікту Масквы з NATO на першым тыдні вайны Tempest, падняўшыся ў паветра ў Брытаніі, уварвецца ў Расею і ўдарыць па сістэмах супрацьракетнай абароны (СРА), СПА і авіябазах.

Далей, калі пагроза з боку сродкаў СПА будзе ліквідаваная, самалёт можа або ўзяць на сябе ролю знішчальніка перавагі ў паветры, які збівае ў небе варожыя знішчальнікі, або прадаўжаць выконваць задачы падтрымкі наземных сілаў. Чакаецца, што для выканання гэтай ролі Tempest зможа абрынуць на свае цэлі арсеналы зброі выбуховага дзеяння, якія патэнцыйна будуць удвая большыя, чым на амерыканскім F-35.

Туса адзначыў, што максімальная ўзлётная маса Tempest можа складаць «больш за 30 тонаў» – супраць 23 тонаў у Typhoon, а далёкасць палёту без дазапраўкі, паводле плану распрацоўнікаў, дазволіць яму перасячы Атлантычны акіян, чаго не можа дазволіць сабе ні адзін дзейны брытанскі знішчальнік.

Акрамя таго, тэхналогія, якая выкарыстоўваецца ў самалёце, гарантуе, што ён зможа выконваць функцыі самастойнага паветранага камунікацыйнага вузла. Гэта дазволіць Tempest забяспечыць сувязь для змешчаных паблізу дронаў і ракетаў, а таксама наземных сілаў і спадарожнікаў у космасе. «Мы павінны мець магчымасць дзейнічаць на адлегласці, дзе наша сувязь можа быць парушаная», – адзначыў Джоні Мортан з BAE Systems, найбуйнейшай брытанскай абароннай кампаніі, якая адказвае за распрацоўку знішчальніка. Tempest, паводле ягоных словаў, зможа стаць «сэрцам сеткі» і будзе здольны працаваць у «ізаляваным асяроддзі».

Самалёт, як адзначае The Telegraph, зможа замяніць наяўныя на ўзбраенні Каралеўскіх ВПС Typhoon і амерыканскія F-35A, пра набыццё якіх нядаўна заявіла камандаванне паветраных сілаў. Увод самалёта ў эксплуатацыю плануецца ў 2035 годзе ў рамках пагаднення GCAP (Глабальная праграма баявой авіяцыі), у якой удзельнічаюць BAE, Rolls-Royce, вытворца ракетаў MBDA і італьянская Leonardo.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках