Навукоўцы раскрылі, чым кафеін карысны ў спякоту
3- 19.07.2025, 18:52
- 4,892

Да нечаканых высноваў прыйшлі ў Японіі.
Кафеін у памяркоўных колькасцях можа павысіць цягавітасць і адтэрмінаваць стомленасць пры трэніроўках у гарачых умовах. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы з Універсітэта Цукубы (Японія). Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Medicine&Science in Sports&Exercise (MSSE).
У даследаванні ўдзельнічалі здаровыя маладыя мужчыны і жанчыны. Іх падзялілі на дзве групы. Абедзве выконвалі практыкаванні ва ўмовах высокай тэмпературы, аднак першая прыняла кафеін да пачатку трэніроўкі, а другая – падчас яе.
Другі варыянт зрабіў больш выражаны дадатны эфект. Удзельнікі даўжэй вытрымлівалі фінальны высокаінтэнсіўны адрэзак трэніроўкі і адзначалі меншую стомленасць перад ім.
Паводле словаў навукоўцаў, «плыўнае» павышэнне ўзроўню кафеіну ў крыві цягам усяго занятку дазволіла ўнікнуць павелічэння нагрузкі на дыхальную сістэму і зніжэння мазгавога крывацёку. Такія пабочныя эфекты характэрныя для аднаразовага прыёму стымулятару перад фізічнай нагрузкай.
У канцы трэніроўкі ў добраахвотнікаў з першай групы назіралася большае павышэнне тэмпературы цела і ўзмоцненая праца сэрца. Аднак гэтыя змены, на думку аўтараў, адлюстроўвалі паляпшэнне фізічнай працаздольнасці. Навукоўцы мяркуюць, што такая стратэгія можа стаць простым і бяспечным спосабам павышэння спартовых вынікаў у спякотным клімаце.