Беларусам час падрыхтавацца да павышэння тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі
43- 20.07.2025, 12:02
- 17,946

Стала вядома, што задумалі чыноўнікі.
У Беларусі плануюць скарачаць перакрыжаванае субсідыяванне паводле тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Гэта прадугледжана зацверджанай стратэгіяй развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі да 2035 года, піша «Люстэрка».
Нагадаем, у Беларусі дзейнічае сістэма перакрыжаванага субсідыявання. Гэта значыць, калі насельніцтва (за выключэннем некаторых катэгорый, да прыкладу «дармаедаў») плаціць паводле так званых субсідыяваных тарыфаў, то бізнэс – паводле больш высокіх. Тыя самыя ацяпленне і гарачая вада ім абыходзяцца на 151,14 рубля за 1 Гкал, гэта значыць, нават даражэйшыя за «эканамічна абгрунтаваныя» тарыфы для насельніцтва. Пры гэтым важна браць да ўвагі, што бізнэс свае выдаткі на ЖКП уключае ў канчатковы кошт тавараў і паслуг. Гэта значыць, гэтыя выдаткі ўсё роўна кладуцца на плечы насельніцтва, толькі праходзяць даўжэйшы шлях.
Што хочуць змяніць чыноўнікі
Чыноўнікі прапісалі ў стратэгіі, што фінансавая ўстойлівасць сферы ЖКГ з'яўляецца яшчэ адным важным складнікам. У гэтай сітуацыі яны бачаць надалей – канкрэтныя тэрміны не пазначаныя – «неабходнасць прыняцця захадаў у скарачэнні (ліквідацыі) бюджэтнага і перакрыжаванага субсідыявання ў гэтай сферы».
Улады ўдакладняюць, што пакуль не атрымалася выйсці на 100% кампенсацыю затратаў на некалькіх ЖКП – ацяпленне і гарачую ваду.
Таксама канцэпцыя прадугледжвае «збалансаваную і эканамічна абгрунтаваную тарыфную палітыку». Сярод іншага для гэтага маюць намер «распрацоўваць нормы спажывання асобных ЖКП для насельніцтва для дыферэнцыяцыі іх аплаты».
Нагадаем, улады год за годам дакараюць беларусам, што яны недаплачваюць за камунальныя (і іншыя) паслугі. Аднак за ўвесь гэты час так і не наблізіліся да таго, каб гэта змяніць.
Перайсці да поўнай (а значыць – больш празрыстай) аплаты насельніцтвам камунальных паслуг Менску не раз рэкамендавалі міжнародныя фінансавыя структуры. На гэтым настойвалі Сусветны банк і Міжнародны валютны фонд. Абодва гатовыя былі вылучаць нашай краіне крэдыты для правядзення неабходных зменаў.