25 лiпеня 2025, Пятніца, 22:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аліеў раскрыў падрабязнасці міжнароднага пазову Азербайджана супраць Расеі

8
Аліеў раскрыў падрабязнасці міжнароднага пазову Азербайджана супраць Расеі
ІЛЬХАМ АЛІЕЎ

Прагучалі рэзкія заявы на адрас Крамля.

Азербайджан звернецца ў Міжнародны суд з патрабаваннем змусіць Расею да адказнасці за катастрофу пасажырскага самалёта Azerbaijan Airlines (AZAL), які ўпаў пасля збіцця ў небе над Грозным, паведаміў прэзідэнт краіны Ільхам Аліеў.

Ён растлумачыў, што Баку не атрымаў ніякага адказу ад Масквы, хоць з моманту крушэння, ахвярамі якога сталі 38 чалавек, прайшло ўжо сем месяцаў. «Нашы просьбы і патрабаванні абсалютна натуральныя: прызнаць віну за гэты інцыдэнт, пакараць тых, хто збіў наш самалёт, выплаціць кампенсацыі сем'ям загінулых, параненым і AZAL – за страту лайнера», – назваў Аліеў.

Паводле ягоных словаў, генпракурор Азербайджана рэгулярна накіроўвае лісты ў Следчы камітэт Расеі, «але ўсе адказы зводзяцца да таго, што расследаванне прадаўжаецца». «Нам усё зразумела: мы ведаем, што адбылося, і можам гэта даказаць. І мы ведаем, што расейскія афіцыйныя асобы таксама ведаюць, што адбылося. Узнікае пытанне: чаму яны не робяць таго, што зрабіў бы любы сусед?.. Я мяркую, што такія паводзіны контрпрадуктыўныя. І Азэрбайджан гэтага так не пакіне. Мы праінфармавалі расейскі бок, што рыхтуем дакументы для падачы ў міжнародныя судовыя інстанцыі ў гэтым пытанні», – адзначыў Аліеў.

Прэзідэнт расказаў, што азербайджанскія следчыя пасля прыбыцця на месца крушэння вывучылі характар пашкоджанняў самалёта. Паводле ягоных словаў, фюзеляж быў увесь у дзірках, а ў салоне два чалавекі пацярпелі ад шрапнэлі. «Так што ідэя, быццам гэта быў украінскі беспілотнік, які нібыта трапіў у самалёт, абсалютна недарэчная. Былі дзве атакі на самалёт. Уявіце сабе ўкраінскі дрон, які ляціць, наводзіцца на азербайджанскі самалёт, трапляе, падае, а потым яшчэ раз атакуе! Гэта казкі для дзіцячага саду», – падкрэсліў ён. Аліеў таксама звярнуў увагу, што паветраная прастора ў раёне Чачні была закрытая ўжо пасля паразы самалёта.

Прэзідэнт дадаў, што разгляд пазову ў Міжнародным судзе зойме час, але краіна гатовая чакаць, колькі спатрэбіцца, дзеля «аднаўлення справядлівасці». «На жаль, тая сітуацыя, якая цяпер лунае ў паветры, не спрыяе развіццю двухбаковых стасункаў паміж Расеяй і Азербайджанам», – рэзюмаваў Аліеў.

Embraer E190 авіякампаніі AZAL, які рухаўся з Баку ў Грозны, пацярпеў крушэнне 25 снежня. На борце разам з экіпажам знаходзіліся 67 чалавек. Выжыць удалося толькі 29. Самалёт быў падбіты сістэмай СПА, калі спрабаваў прызямліцца ў Грозным, які атакавалі ўкраінскія беспілотнікі. Пасля пашкоджання борта экіпаж запытаў экстранную пасадку ў суседніх расейскіх гарадах, аднак ніводны аэрапорт не даў на гэта дазволу. У выніку лайнер накіраваўся праз Каспійскае мора ў Казахстан і ўпаў пад Актаў.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках