УСУ паляць дронамі «асноўную артэрыю» РФ у Курскай вобласці
- 20.07.2025, 14:32
- 5,282

Удары ў глыбокім тыле паралізавалі забеспячэнне варожых войскаў.
Украінскія сілы прадаўжаюць упэўнена пашыраць зону паразы беспілотнымі ўдарамі – нават расейскія ваенныя блогеры больш не могуць схаваць страты ў тыле.
Z-рэсурс «Паўночны канал», блізкі да УС РФ, паскардзіўся на эфектыўнасць украінскіх FPV-дронаў, якія збіваюць цэлі ў глыбіні Курскай вобласці, паведамляе Dialog.UA.
У публікацыі, зробленай 20 ліпеня, аўтар канала з раздражненнем піша, што Сілы абароны Украіны ўпэўнена выкарыстоўваюць FPV-дроны для паразы УС РФ на глыбіні 20 км і больш.
«Дарога Новаіванаўка-Свердлікава. Глыбокі тыл, здавалася б. Да стужачкі кіламетраў 20. Але гэта не перашкаджае УСУ ўтрымліваць агнявы кантроль над гэтай дарогай. Звычайнымі дышманскімі дронамі на пяцьсот даляраў за штуку», – адзначыў Z-канал. Ён удакладніў, што толькі за 19 ліпеня расейскае войска страціла блізу дзесяці адзінак тэхнікі на гэтым адрэзку.
«А гэта асноўная артэрыя ўсяго гарнізону ў Юнакоўцы», – гаворыцца ў паведамленні.
Юнакоўка – гэта сяло ў Сумскай вобласці, дзе спрабуюць наступаць расейскія акупацыйныя сілы.

Фактычна прызнанне Z-канала пацвярджае паспяховае прымяненне ўкраінскімі вайскоўцамі тактыкі асіметрычнага ўздзеяння: мінімальныя рэсурсы – максімальны вынік.
Удары ў тыл не толькі парушаюць лагістыку і дастаўку забеспячэння, але і падрываюць маральны стан расейскіх вайскоўцаў, змушаных жыць пад сталай пагрозай, нават знаходзячыся далёка ад лініі фронту.
