Прапаганда Крамля абвінаваціла Баку ва ўдзеле ў «Павуціне»
12- 20.07.2025, 14:39
- 10,222

Канфлікт паміж Расеяй і Азербайджанам набірае абароты.
У РФ разганяецца новая прапагандысцкая версія пра спецаперацыю СБУ «Павуціна». Згодна з заявамі крамлёўскага прапагандысцкага тэлеканала «Царград», нібыта спецслужбы Азербайджана ўдзельнічалі ў гэтай аперацыі, выкарыстоўваючы свае дыяспары ў Расеі для лагістычнай падтрымкі Украіны.
Кадры даступныя на Telegram-канале «Украіна 365».
Інфармацыя была распаўсюджаная са спасылкай на ананімныя крыніцы ў спэцслужбах РФ.
«Нашай выведцы стала вядома, што азербайджанскія спецслужбы, задзейнічаўшы свае дыяспары ў Расеі, дапамагалі ўкраінскім спецслужбам у правядзенні аперацыі “Павуціна”... Менавіта азербайджанская дыяспара дапамагала ажыццяўляць лагістыку і перамяшчэнне грузаў, выкарыстоўваючы свае бізнэс-магчымасці, інфраструктуру рынкаў і складоў», – заявіла вядоўца «Царьграда».
Тамсама гаворыцца, што нібыта пачалася «нейтралізацыя» дыяспараў, якія «ў літаральным сэнсе слова з'яўляюцца рэзідэнтурай азербайджанскіх спецслужбаў».
Аднак ніякіх доказаў гэтым абвінавачанням не прыведзена. Падобныя заявы тыповыя для крамлёўскай інфармацыйнай стратэгіі: абгрунтоўваць рэпрэсіі супраць нацменшасцяў абвінавачваннямі ў шпіянажы і дапамозе «ворагам Расеі».
Пераслед азербайджанскай супольнасці ў Расеі пачаўся задоўга да «Павуціны». Напружанасць рэзка вырасла пасля таго, як расейская СПА збіла азербайджанскі цывільны самалёт над Чачнёй.
Улетку 2025 года сітуацыя пагоршылася: расейскія сілавікі пачалі масава затрымліваць прадстаўнікоў азербайджанскай дыяспары. Праваабаронцы паведамляюць пра ўжыванне катаванняў, ціску з мэтай прымусовага падпісання кантрактаў з Мінабароны і адпраўкі на фронт. Падчас такіх рэйдаў загінулі сама меней двое грамадзянаў Азербайджана.
У Баку гэта выклікала хвалю абурэння, але Крэмль толькі ўзмацніў ціск. На гэтым фоне абвінавачванні ў «дапамозе ўкраінскім спецслужбам» выглядаюць як інфармацыйны манеўр, мэта якога – стварыць вобраз «ворага ўнутры» і апраўдаць палітыку запалохвання і гвалту.