У ЗША самалёт здолеў вярнуцца ў аэрапорт пасля пажару ў рухавіку
4- 20.07.2025, 18:07
- 6,584

З’явілася відэа здарэння
У Злучаных Штатах пасажырскі самалёт авіякампаніі Delta Airlines здолеў вярнуцца ў аэрапорт Лос-Анджэлеса пасля пажару ў рухавіку. Авіялайнер удалося пасадзіць нягледзячы на тое, што яго рухавік быў ахоплены полымем.
Пра гэта паведамляе BBC.
Выданне піша, што Boeing 767-400 рэйса "Лос-Анджэлес - Атланта" ледзь не пацярпеў крушэнне з прычыны пажару. Адзін з рухавікоў успыхнуў падчас узлёту.
Нягледзячы на полымя, якое ахапіла левы рухавік, авіялайнеру ўдалося развярнуцца, зрабіць круг і бяспечна прызямліцца на ўзлётна-пасадачнай паласе аэрапорта.
"Рэйс 446 авіякампаніі Delta вярнуўся ў Лос-Анджэлес неўзабаве пасля вылету праз праблемы з левым рухавіком самалёта", – пракаментаваў інцыдэнт прадстаўнік авіякампаніі.
Сітуацыя з самалётам патрапіла на відэа і была апублікаваная на YouTube-канале LA Flights. На відэазапісе можна ўбачыць, што левы рухавік самалёта гарыць, аднак пілотам удалося зайсці на манеўр і пасадзіць самалёт.