У Іране спякота дасягнула 50°C
3- 22.07.2025, 21:12
- 6,038

Улады аб'явілі для насельніцтва дадатковы выхадны.
facebook sharing buttontwitter sharing buttonmessenger sharing buttontelegram sharing buttonskype sharing buttonsharethis sharing button
Па дадзеных нацыянальнай метэаралагічнай службы Ірана, у краіне наступіў самы спякотны тыдзень у годзе.
Так, у некаторых раёнах тэмпература перавышае 50°C.
Апроч экстрэмальнай спякоты, краіна сутыкнулася з сур'ёзным водным крызісам і не толькі, піша The Guardian.
Прадстаўнік урада Ірана Фатэме Махаджэрані паведаміла, што 23 ліпеня абвешчана выходным днём у сталічным рэгіёне - правінцыі Тэгеран з-за спякоты, а таксама неабходнасці эканоміць ваду і электраэнергію.
"Гэта магчымасць адпачыць, здзейсніць кароткую паездку або правесці час з сям'ёй, вядома ж, выконваючы меры бяспекі і эканомячы электраэнергію", – напісала яна ў сацыяльнай сетцы X.
Прэзідэнт Ірана Масуд Пезешкіан выступіў з суровым папярэджаннем на пасяджэнні кабінета міністраў 20 чэрвеня.
"Водны крызіс значна больш сур'ёзны, чым тое, што абмяркоўваецца сёння, і калі мы не прымем тэрміновых мер цяпер, у будучыні мы сутыкнемся з сітуацыяй, ад якой не будзе знойдзена ніякага рашэння", – заявіў Пезешкіан, паведамляюць дзяржаўныя СМІ.
У водным сектары, акрамя кіравання і планавання, таксама неабходна вырашыць праблему празмернага спажывання, зазначыў прэзідэнт.
Іран пакутуе ад засухі ўжо пяць гадоў, а сёлета ападкаў выпала яшчэ менш.
Міністр энергетыкі Абас Аліябадзі аб'явіў, што вядуцца перагаворы аб імпарце вады з Туркменістанам, Афганістанам, Таджыкістанам і Узбекістанам.
У краіне сотні плацін, якія пачалі будавацца ў 1950-х гадах, але засуха значна знізіла іх прадукцыйнасць.
Гэтыя праблемы, а таксама цяжкасці з інфраструктурай і анамальная спякота прывялі да адключэнняў электраэнергіі па ўсёй краіне.