У Крыме ліквідавалі намесніка камандзіра Чарнаморскага флоту РФ
6- 3.07.2025, 15:23
- 12,618

Да гэтага можа мець дачыненне ўкраінская выведка.
Стала вядома аб ліквідацыі ў акупаваным Крыме намесніка камандзіра Чарнаморскага флоту РФ Ільдара Ахмерава, паведамляе «Главред».
Расейскія вайсковыя прапагандысты заяўляюць, што намеснік камандзіра ЧФ РФ Ільдар Ахмераў быў ліквідаваны ў выніку «падступнага ўдару» з боку Галоўнай управы выведкі Міністэрства абароны Украіны.
Паводле інфармацыі Telegram-канала «Без фільтраў», Ахмераў быў ліквідаваны падчас аперацыі ўкраінскай выведкі. Пакуль не паведамляецца ніякіх дадатковых падрабязнасцяў, аднак расейскія ваенкары і блогеры ўжо патрабуюць помсты за спецаперацыю, праведзеную Кіевам.
«Чакаем дзеянняў у адказ па цэнтрах прыняцця пастаноў», — гаворыцца ў публікацыі.
Інфармацыя аб гібелі Ахмерава ў акупаваным Крыме пакуль не атрымала афіцыйнага пацвярджэння з боку ГУВ МАУ.
Хто такі Ільдар Ахмераў
Ільдар Ахмераў скончыў Ціхаакіянскую вышэйшую вайскова-марскую вучэльню імя С.А. Макарава ў 1987 годзе, затым у 2003 годзе - Вайскова-марскую акадэмію імя Н.Г. Кузняцова, а ў 2013 годзе скончыў навучанне ў Вайсковай акадэміі Генеральнага штаба Расеі.
Ахмераў пабудаваў кар'еру ў вайскова-марскім флоце, спачатку камандаваў групай баявой часткі кіравання вартавога карабля «Старажавы» ў 1987-1994 гадах, а затым, у 2021 годзе, даслужыўся да звання контр-адмірала.
У 2023 годзе ён займаў пасаду намесніка камандуючага Чарнаморскім флотам, а з 2024 года - быў начальнікам штаба і першым намеснікам камандуючага Чарнаморскім флотам.
Яго імя ўключанае ў так званую Кнігу катаў украінскага народа, дзе пазначана, што ён «непасрэдна ўдзельнічае ў планаванні і арганізацыі расейскага ўварвання ва Украіну, распачатага 24 лютага 2022 года».