Лукашэнка шмат гадоў утойваў важны факт са сваёй біяграфіі
55- 3.07.2025, 18:50
- 62,130

Гэта магло паўплываць на псіхіку дыктатара.
Аляксандр Лукашэнка 1 ліпеня ў выказванні аб нядаўнім вызваленні палітычных вязняў, згадаў, што некалі працаваў намеснікам дырэктара завода будматэрыялаў, дзе працавалі зняволеныя, і ён з імі «быў блізкі». «Мяне некалі вызначылі, што я ў жыцці сваім быў наглядчыкам у турме. Ніякім я наглядчыкам не быў, але, будучы намеснікам дырэктара завода будаўнічых матэрыялаў, у нас асуджаныя працавалі», — сказаў ён. На першы погляд, гэта гучыць так, што Лукашэнка кіраваў звычайным прадпрыемствам, дзе акрамя шараговых працаўнікоў былі і асуджаныя на абмежаванне волі, «хімікі», бо толькі такіх працаўладкоўваюць на «цывільныя» прадпрыемствы (тыя, хто пазбаўлены волі, працуюць выключна ўнутры калоніі). Але ці так гэта напраўду?
«Зеркало» пашукала падрабязнасці і высветліла, што дыктатар вельмі моцна завуаляваў праўду, пакінуўшы невыразнай найважнейшую дэталь, якая шмат гадоў ўтойваецца ў яго афіцыйнай біяграфіі.

Згодна з біяграфіяй на сайце Аляксандра Лукашэнкі, ён сапраўды займаў пасаду намесніка дырэктара камбіната будаўнічых матэрыялаў у Шклове з чэрвеня 1983 да сакавіка 1985 года.
Аднак, што гэта за прадпрыемства і дзе яно знаходзілася? Паводле звестак дзяржрэестра, Шклоўскі камбінат будаўнічых матэрыялаў і вырабаў даўно не існуе (юрыдычная асоба ліквідаваная ў 2008 годзе). Але працаваў ён з адрасам: Шклоўскі раён, вёска Маладзёжная, 2. Вёскі, дарэчы, сёння таксама няма: яшчэ ў 1997 годзе яна была ўключаная ў склад Шклова. Знаходзілася яна непадалёк цяперашніх вуліц Маладзёжнай і Завадской.
Там жа, праз дарогу, па адрасе 1-я Завадская, 8, размяшчаецца комплекс папраўчай калоніі №17. Цяпер проста праз агароджу ад яе знаходзіцца філіял «Домабудаванне» шклоўскага завода газетнай паперы (сам ён па другі бок ад калоніі). Ці быў стары домабудаўнічы камбінат на месцы цяперашняга ці крыху далей, сёння высветліць складана, бо тэрыторыя моцна змянілася. Але ён відавочна знаходзіўся зусім побач з ВК-17.

І працавалі на гэтым заводзе менавіта - і толькі - зняволеныя, якія адбывалі пазбаўленне волі ў гэтай калоніі.
«Асуджаныя працавалі на Шклоўскім камбінаце будаўнічых матэрыялаў і вырабаў», - гаворыцца ў артыкуле пра ПК-17 на інфармацыйным партале Шклоўскага раёна. То бок, гэта было закрытае прадпрыемства для «спецкантынгенту».
«Афіцыйныя біёграфы старанна ўтойваюць той факт, што гэты камбінат размешчаны ва ўстанове УЖ 15/17, інакш кажучы, у калоніі. І працоўнымі камбіната (блізу 120 чалавек) былі зняволеныя», - пісаў палітолаг Валер Карбалевіч у сваёй кнізе «Аляксандр Лукашэнка: палітычны партрэт», якая выйшла ў 2010-м.
Яшчэ раней, у 2003 годзе, Васіль Лявонаў - былы першы сакратар Магілёўскага абкама партыі (фактычны кіраўнік вобласці, дзе працаваў Лукашэнка), а ў 1993-1997 гадах міністр сельскай гаспадаркі Беларусі - апублікаваў мемуары «Праца над памылкамі». У іх ён размясціў фотакопію пасведчання асобы Лукашэнкі. Гэта быў выдадзены яму ў 1983 годзе пропуск з пячаткамі «Установы УЖ 15-17 МУС БССР» - так у савецкі час называлася папраўча-працоўная калонія агульнага рэжыму ў Шклове.
У пропуску, выдадзеным начальнікам калоніі, значыцца, што Лукашэнка займае пасаду намесніка дырэктара камбіната будаўнічых матэрыялаў і вырабаў і мае «права на ўваход у жылую і вытворчую зону ўстановы». Гэта значыць, ён мог хадзіць па тэрыторыі не толькі камбіната, але і месцаў пражывання зняволеных.

Прадстаўленую вышэй копію фатаграфіі з кнігі Лявонава апублікаваў у 2022 годзе палітолаг Зміцер Балкунец. Тое, што здымак не падробка пазнейшага часу, пацвярджае кніга журналістаў Паўла Шарамета і Святланы Калінкінай «Выпадковы прэзідэнт», якая выйшла ў 2004-м. У ёй згадваецца гэтая самая фатаграфія з мемуараў Лявонава з тымі ж дэталямі:
«Калі б Наталля Емяльянава, якая складае біяграфію першага прэзідэнта, звярнулася па кансультацыю да былога першага сакратара Магілёўскага абкама партыі, а пазней — першага міністра сельскай гаспадаркі ва ўрадзе Лукашэнкі Васіля Лявонава, то ён дапамог бы папоўніць і яшчэ адзін прабел. У сваёй аўтабіяграфічнай кнізе «Праца над памылкамі» Лявонаў апублікаваў копію пасведчання асобы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, паводле якога гэты лысаваты чалавек у 1983—1985 гадах працаваў на пасадзе намесніка дырэктара КСМІІ ўстановы УЖ 15-17, гэта значыць, у калоніі. У афіцыйнай біяграфіі на гэты час даводзіцца праца намеснікам дырэктара Шклоўскага камбіната будаўнічых матэрыялаў. Дзіўная неадпаведнасць дакумента і афіцыйнай біяграфіі. І так практычна на кожным этапе яго жыццёвага шляху - рэальныя звесткі сур'ёзна адрозніваюцца ад афіцыйных», - пісалі Шарамет і Калінкіна.

На думку Карбалевіча, досвед працы са зняволенымі калоніі мог паўплываць на Лукашэнку.
«Праца ў зоне вельмі спецыфічная. Не кожны туды пойдзе і не кожны вытрымае. Акрамя таго, стасункі з тамтэйшым кантынгентам могуць адбіцца на асобе чалавека, - адзначаў палітолаг у сваёй кнізе. - Магчыма, таму Лукашэнка час ад часу пераходзіць на блатны жаргон. А ў 2003 годзе падчас наведвання той самай шклоўскай калоніі ён у звароце да зняволеных вымавіў дзіўную фразу: «Вы мае людзі».
Аднак у біяграфіі Лукашэнкі пра гэты яго спецыфічны досвед не згадваецца, а радок пра шклоўскі домабудаўнічы камбінат выглядае так, быццам будучы дыктатар працаваў не на зоне, а быў намеснікам дырэктара звычайнага «цывільнага» завода. Уласна, і сам Лукашэнка, як паказаў ягоны выступ 1 ліпеня, быццам бы забыўся, дзе правёў амаль два гады сваёй кар'еры.