«Няма бульбы – ежце крэветкі»
9- 3.07.2025, 13:22
- 9,738

У беларускіх крамах склалася парадаксальная сітуацыя.
Чытачы «Белсату» расказваюць, што ў беларускіх крамах апошнім часам вялікі асартымент крэветак, прычым ёсць вельмі прыемныя прапановы па кошце. Пастараліся разабрацца, адкуль у Беларусі так шмат крэветак, а таксама знайшлі падазроны рост закупаў з ЕЗ на фоне спынення продажу з Еўразвязу ў Расею.
«Якія заўгодна можна знайсці»
Адзін з чытачоў кажа, што выбар крэветак вялікі, але некаторыя з іх дзіўна пахнуць, а кот перастаў іх есці.
Іншы суразмоўца пацвярджае, што ў крамах «багата і нядорага»:
«Крэветкі ёсць нават у танных крамах, напрыклад, у «Дабрацені» [расейская сетка] – па 27 рублёў. У «Еўраопце» якія заўгодна можна знайсці. І вялікія, і маленькія, і на вагу, і ва ўпакоўках. Гэта бульбы няма - па 4,5 рубля з Казахстана і яшчэ невядома адкуль, а крэветкі ёсць».
На сайце e-dostavka мы знайшлі 20 відаў крэветак і мяса з іх, а на сайце сеткі Green увогуле 27 прапаноў. Большая частка - з Расеі, але ёсць таксама з Індыі, Кітая, В'етнама і нават Эквадора. Зусім няшмат, але знайшліся прадукты беларускай вытворчасці.
Самая танная прапанова - расейскія крэветкі VICI, варана-марожаныя ў панцыры. На зніжцы яны каштуюць 22,99 рубля за кілаграм, а звычайны кошт - 28,05 рубля. Ёсць яшчэ тавары, блізкія па кошце, але ёсць і шмат расейскіх крэветак па 70-75 рублёў за кілаграм.
Крэветкі з В'етнама абыдуцца хутчэй за ўсё 80-100 рублёў за кілаграм, але ёсць і па 57 рублёў.
Кітайскіх крэветак няшмат - 57 рублёў за кілаграм. Індыйскія - па 62,5 рублёў, а з Эквадора каштуюць амаль 66 рублёў.

З беларускіх крэветак мы знайшлі толькі адны - крэветка беланогая ад «Санта Брэмар» за 30,49 рубля за кілаграм. Ёсць мяса крэветак гэтай жа фірмы за 53-56 рублёў за кілаграм.
Беларускія крэветкі не зусім беларускія
У Беларусі сапраўды ёсць крэветкі - у возеры Белым, недалёка ад Белаазёрска. Дзеля эксперыменту іх запусцілі туды яшчэ ў 1982 годзе. Крэветкі змаглі прыжыцца, бо возера цёплае - яго выкарыстоўваюць як вадаём-ахаладжальнік для мясцовай электрастанцыі. Пры гэтым крэветкі з возера служаць кормам для рыб, а не прадаюцца ў крамах.
Першая крэветачная ферма ў Беларусі з'явілася зусім нядаўна - у вёсцы Альхоўцах у Ляхавіцкім раёне. Аднак да прылаўка беларускім крэветкам яшчэ далёка.
«Апошнія паўгода разбіраюся з працэсам вырошчвання. Усё выявілася не так проста, як у кнізе і на відэа ў YouTube. Здаецца, з ростам разабраліся. Цяпер пытанне размнажэння - гэта ключавая гісторыя. Калі з гэтым атрымаецца, значыць, ферма атрымалася», - распавёў вясной 2025 года ўладальнік фермы Уладзімір Гатоўчыц.

Значыць, беларускія крэветкі ў крамах пакуль не беларускія. «Санта Брэмар», чыя прадукцыя прадаецца як беларуская, закупляе сыравіну за мяжой. Уладальнік кампаніі Аляксандр Машэнскі яшчэ пасля санкцый супраць Расеі ў 2014 годзе патлумачыў, як у РФ трапляюць беларускія крэветкі - проста перапрацоўваюцца чужыя. Калі замежныя крэветкі адварыць ці зрабіць мяса крэветкі, то яны ўжо лічацца перапрацаваным беларускім прадуктам.
«Для тых, хто ў Расеі іранізуе наконт беларускіх крэветак або мідый, удакладню, што, у адрозненне ад Расейскай Федэрацыі, беларускія стандарты не дапускаюць разглядаць фасоўку як аперацыю па перапрацоўцы…Мы робім з іх гатовы прадукт - гэта альбо вараныя крэветкі IQF (замарожаныя індывідуальна), альбо прэсервы з морапрадуктаў, гэта значыць, дасягаем глыбіні перапрацоўкі», - сказаў Машэнскі».
Сапраўды, калі паглядзець на крэветкі з В'етнама, якія прывозіць John Dory, то ў апісанні складу гаворыцца, што гэта проста крэветкі замарожаныя. Склад беларускіх крэветак ад «Санта Брэмар»: крэветкі, соль, перац чорны, перац духмяны, вада пітная (ахоўная ледзяная абалонка).
Закуп крэветак у ЕЗ вырас у 10 разоў за пяць гадоў
Калі глядзець на замежныя закупы Беларусі, то прапанова крэветак сапраўды павінна была пашырыцца. Напрыклад, кітайскія крэветкі за апошнія пяць гадоў прадаваліся ў Беларусь толькі ў 2023 і 2024 гадах, але аб'ёмы не вельмі вялікія. Паводле звестак кітайскай мытні, Беларусь заплаціла за замарожаныя крэветкі з Кітая $102 тысячы ў 2023 годзе і $58,5 тысяч у 2024 годзе.

Таксама індыйскіх крэветак сталі больш прывозіць у Беларусь. Паводле звестак індыйскага статыстычнага ведамства, калі ў 2020 годзе Беларусь закупіла іх на $0,21 млн, то ў 2024 годзе - на $1,54 млн.
Расеі таксама неабходна дзяваць кудысьці свае крэветкі, якія не жадаюць набываць у ЕЗ пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны. Гэта можа быць прычынай разнастайнасці прапановы расейскіх крэветак у беларускіх крамах.
Прыкметны рост закупаў назіраецца і з Еўропы. Згодна з Еўрастатам, калі ў 2020 годзе Беларусь закупіла замарожаных крэветак амаль на паўмільёна еўраў, то ў 2024 годзе - ужо больш чым на €6 млн. У фізічным вылічэнні закупы выраслі ў 10 разоў - з 139,5 тон да 1368 тон. Гэта рэкордны аб'ём за апошнія 10 год. Рост супаў з тым, што ў 2022 годзе пастаўкі крэветак з ЕЗ у Расею моцна скараціліся, а ў 2023 годзе і 2024 годзе іх не было ўвогуле.
Магчыма, частку еўрапейскіх закупаў Беларусь перапрадае ў Расею. Паводле інфаормацыі Рыбнага саюза Расеі, пастаўкі рыбы і морапрадуктаў з Беларусі ў Расею выраслі на 20% у 2024 годзе і склалі блізу 115 тысяч тон. Судзячы з даступных звенстак за 2023 год, рост быў і тады. Расейскае Федэральнае агенцтва рыбалоўства паведамляла, што за студзень - верасень 2023 года рост да адпаведнага перыяду 2022 года склаў 25%. Тады гатовай і кансерваванай прадукцыі з ракападобных і малюскаў было прададзена 4,9 тысячы тон (ці 6% ад агульнага аб'ёму продажаў у Расею).
Пры гэтым Беларусь стала таксама прадаваць у ЕЗ крыху крэветак. У 2024 годзе замарожаныя крэветкі ўпершыню за апошнія пяць гадоў паехалі з Беларусі ў ЕЗ - у Літву і Польшчу - усяго 37 тон. Улічваючы, што сваіх крэветак у Беларусі няма, дык гэта крэветкі, закупленыя ў іншых краінах.