Найбуйнейшы парахавы завод Расеі загарэўся пад Тамбовам
4- 3.07.2025, 11:45
- 11,140

Загінулі тры чалавекі.
У горадзе Катоўску Тамбоўскай вобласці ў ноч на 3 ліпеня тры чалавекі загінулі падчас пажару на адным з прадпрыемстваў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА выканаўца абавязкаў губернатара Яўген Пярвышаў са спасылкай на кіраўніка Катоўска Аляксея Плахотнікава. Яшчэ тры чалавекі пацярпелі, двое з іх дастаўленыя ў шпіталь. «Паводле папярэдніх звестак, прычынай стала парушэнне тэхналагічных працэсаў», – напісаў кіраўнік рэгіёну ў тэлеграм-канале.
Губернатар не ўдакладніў назву прадпрыемства, на якім адбылося надзвычайнае здарэнне. У той жа час выданне «Твёрдый знак Тамбов» піша, што гаворка ідзе пра тамбоўскі парахавы завод (уваходзіць у «Растэх»), які знаходзіцца ў Катоўску і з'яўляецца адным з найбуйнейшых у Расеі. Прадпрыемства, паводле адкрытых крыніц, вырабляе піраксілінавы порах для ўсіх тыпаў зброі і наземных, марскіх і авіяцыйных артсістэм, выпускаючы больш за 200 тыпаў прадукцыі вайсковага і мірнага прызначэння.
Завод з пачатку вайны ва Украіне як мінімум пяць разоў станавіўся цэллю ўдараў украінскіх войск. Апошнія два налёты дронаў УСУ адбыліся ў чэрвені і траўні 2025 года. Дарэчы, у ноч на 11 чэрвеня падчас масаванай беспілотнай атакі на Тамбоўскую вобласць «у выніку падзення аднаго са збітых БПЛА» здарыўся пажар, паведамляў Пярвышаў. Baza і Mash пісалі, што пад напад трапіў парахавы завод у Катоўску. Паводле інфармацыі Astra і «ВЧК-ОГПУ», загарэўся адзін са складоў боепрыпасаў.
Да гэтага прадпрыемства зазнала налёты ўкраінскіх дронаў 29 траўня. Тады пажар успыхнуў на даху аднаго са складоў, абышлося без пацярпелых. Таксама налёты на завод мелі месца ў студзені гэтага года, у ліпені 2024-га і ў лістападзе 2023-га. Істотных пашкоджанняў прадпрыемства не атрымала і працягнула выпуск прадукцыі.
Мінабароны ў сваёй справаздачы за 3 ліпеня не паведамляла аб знішчэнні ўкраінскіх беспілотнікаў у Тамбоўскай вобласці (усяго над рэгіёнамі РФ збілі 69 цэляў). Аднак Расавіяцыя ўначы дакладвала аб часовых абмежаваннях на прыём і адпраўку самалётаў у аэрапорце Тамбова.
Пасля пажару на заводзе была распачатая крымінальная справа аб парушэнні патрабаванняў прамысловай бяспекі небяспечных вытворчых аб'ектаў, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці дзвюх і больш асоб (ч.3 арт.217 КК РФ), паведаміла прэс-служба ўправы СК Тамбоўскай вобласці. На заводзе працуе следчая група.