10 лiпеня 2025, Чацвер, 2:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння ў Беларусі - рэкордная спякота

12
Сёння ў Беларусі - рэкордная спякота

Магчыма, будзе пабіты тэмпературны рэкорд дня.

Сёлета 3 ліпеня ў Беларусі прагназуюць надзвычайную спякоту. «Белгідрамет» абвясціў аранжавы ўзровень небяспекі.

Удзень 3 ліпеня на большай частцы Беларусі максімальная тэмпература паветра складзе +30..+34°С, месцамі на паўднёвым захадзе, уключаючы Берасце, дасягне і +35. У Менску прагназуюць +30..+31. Паўсюдна сонечна, без ападкаў і без моцнага ветру.

Імаверна, будзе пабіты тэмпературны рэкорд дня: цяплей за ўсё 3 ліпеня было ў 2016 годзе, калі тэмпература дасягала ўсяго толькі 32,1. Халадней за ўсё было ў ноч на 3 ліпеня 1995 года, калі паветра астуджалася да +6,3. А ў 1948 годзе ў гэты дзень выпала 40,6 мм ападкаў.

Ужо 4 ліпеня будзе халаднавата: прагназуюць, што на большай частцы тэрыторыі Беларусі будзе блізу +20, толькі на самым паўднёвым усходзе больш за +25. Выхадныя абяцаюць быць сярэдне гарачымі, але ў панядзелак, паводле папярэдніх прагнозаў, прыйдзе новая хваля спякоты - зноў будзе да +33 на поўдні.

Клімат у Беларусі, як і ва ўсім свеце, мяняецца, тэмпературы становяцца непрадказальнымі. 3 ліпеня да Беларусі дайшла хваля спякоты, якая ўжо падсмажыла захад і цэнтр Еўропы. Прычым Беларусь - сярод еўрапейскіх краін, дзе хутчэй за ўсё мяняецца клімат. Расце колькасць экстрэмальных з'яў надвор'я: беларусы ўжо не так здзіўляюцца тарнада. Чэрвень у Беларусі выдаўся на 1,2°С халаднейшым за норму і нашмат больш вільготным за норму. Травень быў на 2,5 градуса халаднейшым за кліматычную норму і надзвычай дажджлівым, бульба памерзла. Красавік быў цяплейшым за норму на 1,5 градуса, сакавік - цяплейшым на 4,4 градуса, люты - на 1 градус халаднейшым, студзень - нават на 5,3 градуса цяплейшым. Студзень-2025 стаў самым цёплым за гісторыю назіранняў, затое можна было хадзіць у грыбы.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках