Украіна атакавала найбуйнейшы ў Расеі завод па вытворчасці акумулятараў для беспілотнікаў і ракет
7- 3.07.2025, 12:35
- 10,420

Другі раз з пачатку года.
Украінскія беспілотнікі ў ноч на 3 ліпеня масавана атакавалі Ліпецкую вобласць, паведаміў губернатар рэгіёну Ігар Артамонаў. «Пасля падзення беспілотніка на паркоўцы аднаго з прадпрыемстваў у Ельцы ўзнік пажар. На гэты момант агонь лакалізаваны. Супрацоўнікі найбліжэйшых цэхаў эвакуяваныя», — напісаў Артамонаў у тэлеграм-канале.
Паводле звестак Astra, пад удар трапіў завод «Энэргія» – найбуйнейшы ў Расеі вытворца акумулятараў для беспілотнікаў і ракет, а таксама батарэй для авіяцыі і флоту. На кадрах відавочцаў, якія прааналізавала выданне, бачна, што адзін з дронаў упаў побач з заводам, а на тэрыторыі самога прадпрыемства ўзнік пажар. Як піша ўкраінскі маніторынгавы тэлеграм-канал Supernova+, у выніку трапляння пацярпеў чацвёрты цэх завода. Да гэтага ўкраінскія дроны ўжо атакавалі прадпрыемства. Падчас налёту ў ноч на 23 траўня загарэўся адзін з цэхаў «Энэргіі», пацярпелі дзевяць супрацоўнікаў.
Паводле інфармацыі Supernova+, цэллю нападу быў вайсковы аэрадром «Ліпецк-2».
Паводле справаздачы Мінабароны РФ, цягам мінулай ночы дзяжурнымі сродкамі СПА былі знішчаныя 69 украінскіх беспілотніка самалётнага тыпу. З іх 27 перахопленыя над тэрыторыяй Белгародскай вобласці, 22 - над Варонежскай, 10 - над Ліпецкай, 8 - над Курскай і 2 - над акупаваным Крымам. Падчас налёту беспілотнікаў «для гарантавання бяспекі палётаў» часовыя абмежаванні на прыём і адпраўку самалётаў уводзілі ў аэрапортах Саратава і Тамбова. На гэты момант абмежаванні скасаваныя.