Зяленскі дамовіўся пра супольную вытворчасць дронаў з кампаніяй з ЗША
2- 3.07.2025, 18:13
- 1,800

Падрабязнасці.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў у Facebook 3 ліпеня пра падпісанне дамовы з амерыканскай кампаніяй Swift Beat.
«Візіт у Данію пачынаецца з важнага кроку для нашай абароны. Ёсць дамоўленасць пра ўкраінска-амерыканскае супрацоўніцтва для вытворчасці дронаў і, сярод іншага, дронаў-перахопнікаў – гэта відавочны прыярытэт», – напісаў ён.
Паводле словаў прэзідэнта, размова ідзе пра сотні тысячаў дронаў ужо сёлета і магчымасці значна маштабаваць вытворчасць у наступным годзе.
«Перахопнікі для знішчэння варожых дронаў і ракетаў, квадракоптары для выведкі і карэктавання агню, ударныя дальнабойныя дроны – усяго гэтага будзе значна больш, менавіта так, каб забяспечваць рэалізацыю нашых задачаў у абароне, каб абараняць жыццё ўкраінцаў», – адзначыў Зяленскі.
Дакумент прадугледжвае пашырэнне вытворчых магутнасцяў кампаніі, а сучасныя дроны будуць пастаўляцца Украіне прыярытэтна, на спецыяльных умовах і з сабекоштам, паведамляе Офіс прэзідэнта Украіны.
Таксама плануецца распрацоўка новых інавацыйных ідэяў – гэта перахопнікі крылатых і балістычных ракетаў, аўтаматычныя турэлі, выведныя платформы.
Swift Beat, LLC – амерыканская кампанія, якая мае значную прысутнасць ва Украіне. Яна спецыялізуецца на вытворчасці аўтаномных дронаў са штучным інтэлектам, а таксама актыўна супрацоўнічае з украінскімі інжынерамі і вайскоўцамі, праводзіць тэставанне дронаў на тэрыторыі Украіны.