У Санкт-Пецярбургу скасавалі Галоўны ваенна-марскі парад
6- 3.07.2025, 20:06
- 5,208

Праз пагрозу бяспецы.
У Санкт-Пецярбургу скасаваны Галоўны ваенна-марскі парад (ГВМП), прымеркаваны да Дня Ваенна-марскога флоту, які сёлета прыпадае на 27 ліпеня. Пра гэта паведаміла «Фантанка» са спасылкай на некалькі дасведчаных крыніцаў. Паводле інфармацыі выдання, падрыхтоўка да параду была спыненая некалькі дзён таму. Сярод іншага спыненыя трэніроўкі пешых разлікаў – менавіта яны традыцыйна заканчваюць урачыстыя мерапрыемствы на Сенацкай плошчы.
Святкаванне, як чакаецца, пройдзе ў фармаце, які быў да 2015 года: урачыстае ўскладанне вянкоў з удзелам афіцыйных асобаў, народныя гулянні і святочны канцэрт на Палацавай плошчы. Пры гэтым улады пакуль афіцыйна не абвяшчалі пра скасаванне ГВМП, але і пра ягонае правядзенне не паведамлялася, падкрэслівае «Фантанка».
Галоўны ваенна-марскі парад у Пецярбургу ўпершыню прайшоў у 2017 годзе – у новым, маштабным фармаце, які быў пратэставаны год таму. У 2016 годзе з рамонту вярнуўся крэйсер «Аўрора», тады ж адзначалася 320-годдзе расейскага ВМФ, і Санкт-Пецярбург стаў цэнтральнай пляцоўкай святкавання – пры ўдзеле Уладзіміра Пуціна.
У 2024 годзе Пуцін таксама прысутнічаў на парадзе, прымеркаваным да Дня ВМФ. Пазней расейскі МЗС заявіў, што Украіна нібыта рыхтавала атаку на гэтае мерапрыемства. Паводле словаў намесніка міністра замежных справаў Сяргея Рабкова, міністр абароны Расеі Андрэй Белавусаў, які таксама ўдзельнічаў у парадзе, асабіста тэлефанаваў тагачаснаму кіраўніку Пентагона Лойду Осціну, каб пераканаць яго паўплываць на Кіеў і не дапусціць удару па тэрыторыі Расеі ў дзень правядзення параду. Рабкоў сцвярджаў, што Осцін быў вельмі здзіўлены пачутым, але паставіўся да інфармацыі з усёй сур'ёзнасцю. Пасля гэтага, як расказаў намеснік кіраўніка МЗС, Вашынгтон нібыта звязаўся з украінскім бокам і папрасіў устрымацца ад правядзення прызначанага нападу.
Пра магчымы ўкраінскі напад у Дзень ВМФ таксама пісала The New York Times са спасылкай на ўласныя крыніцы. Аднак, як зазначала выданне, нельга з упэўненасцю сцвярджаць, што Украіна сапраўды планавала такую аперацыю.