Памёр галівудскі актор Майкл Мэдсэн
9- 3.07.2025, 21:26
- 18,134

Зорку фільмаў Таранціна знайшлі мёртвым ва ўласным доме.
Ва ўзросце 67 гадоў памёр актор Майкл Мэдсэн, паведамляе NBC News. Ён вядомы з фільмаў Квенціна Таранціна «Шалёныя сабакі» (Віктар Вега, ён жа Містар Бландзін), «Забіць Біла» (Бад), «Агідная васьмёрка» (Джо Гейдж), «Аднойчы ў Галівудзе» (шэрыф Хакет).
Мэдсэн памёр у чацвер раніцай ад спынення сэрца, паведаміў ягоны мэнэджар Рон Сміт.
Як піша TMZ, актор быў знойдзены без прыкметаў жыцця ў сваім доме ў Малібу (Каліфорнія) раніцай у чацвер. Праваахоўныя органы разглядаюць яго смерць як натуральную.

«За апошнія два гады Майкл Мэдсэн прарабіў неверагодную працу з незалежным кіно, уключаючы будучыя фільмы "Resurrection Road", "Concessions" and "Cookbook for Southern Housewives", і з нецярпеннем чакаў гэтага наступнага раздзелу ў сваім жыцці», – сказалі выданню яго мэнэджары.
Ён таксама рыхтаваўся выпусціць новую кнігу пад назвай «Tears For My Father: Outlaw Thoughts and Poems».

Мэдсэн нарадзіўся 25 верасня 1957 года ў Чыкага. У кіно ён дэбютаваў у фільме «Ваенныя гульні» 1983 года. Сярод ягоных працаў таксама ролі ў фільме Рыдлі Скота «Тэльма і Луіза» і «Доні Браска» Майка Ньюэла.