Унікальная разметка на трасе з'явілася ў Гомельскай вобласці
12- 4.07.2025, 18:10
- 4,796

Свеціцца ў дождж і туман.
На адрэзку 162 км аўтадарогі Р-31 «Бабруйск – Мазыр – мяжа Украіны» стартаваў эксперымент з люмінесцэнтнай разметкай – упершыню на рэспубліканскай трасе ў Беларусі, паведамляе «Сожскі фарпост».
Разметка выкананая з фарбы з адмысловымі люмінафорамі, якія днём «зараджаюцца» ад сонечнага святла ці аўтамабільных фараў, а ўначы выпраменьваюць мяккае зялёнае свячэнне. Паводле ацэнак распрацоўнікаў, светлавы эфект захоўваецца да 10 гадзінаў, забяспечваючы бачнасць дарожных контураў, паваротаў і пешаходных пераходаў нават ва ўмовах дажджу або туману.
Выбар менавіта гэтага адрэзку трасы тлумачыцца асаблівасцямі ландшафту і недастатковай асветленасцю асобных адрэзкаў, дзе асабліва важна падвысіць бяспеку. Акрамя таго, Р-31 ужо выкарыстоўвалася для іншых дарожных інавацый, напрыклад, тут тэставалі «музычную» разметку, якая стварае мелодыю пры праездзе.
Праект носіць эксперыментальны характар і рэалізуецца ў тэставым рэжыме. Паводле вынікаў іспытаў будзе прынятая пастанова аб магчымасці маштабавання тэхналогіі на іншыя адрэзкі беларускіх дарог.


