УСУ другі раз за тыдзень ударылі па камандным пункце 8-й арміі РФ у Данецкай вобласці
2- 4.07.2025, 21:06
- 10,334

Украінскія ваяры ўдарылі ракетамі Storm Shadow.
Сілы абароны Украіны другі раз за тыдзень нанеслі ўдар па камандным пункце 8-й агульнавайсковай арміі УС РФ, паведамілі ў Генштабе ў пятніцу, 4 ліпеня.
Акрамя таго, УСУ падбілі камандны пункт 20-й мотастралковай дывізіі Узброеных сілаў Расеі на часова акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласці, дадалі ў Генштабе.
Страты ворага ўдакладняюцца.
«Нашы няспынныя высокадакладныя ўдары значна зніжаюць здольнасць ворага планаваць і весці аперацыі ў рэгіёне. Усе намаганні, накіраваныя на прадаўжэнне акупацыі суверэннай тэрыторыі Украіны, будуць сустрэтыя дакладнай адплатай і дорага будуць каштаваць ворагу», – гаворыцца ў паведамленні.
30 чэрвеня ў Генштабе паведамілі, што УСУ падбілі пункт кіравання 8-й агульнавайсковай арміі Узброеных сілаў РФ на часова акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласці.
Там адзначылі, што гэтая параза істотна ўскладняе для расейцаў працэс планавання і вядзення аперацый у кірунках Пакроўска і Тарэцка.
У той самы дзень расейскі Telegram-канал Shot паведамляў, што ўвечары 30 чэрвеня ў акупаваным Данецку прагрымелі выбухі. Паводле словаў мясцовых жыхароў, было некалькі пажараў у розных раёнах горада. Атака магла ажыццяўляцца крылатымі ракетамі Storm Shadow, а таксама ўдарнымі беспілотнікамі.
Гэта пацвердзіў украінскі OSINT-праект Dnipro.
«У Данецку некалькі крылатых ракетаў Storm Shadow падбілі аб'ект акупантаў», – гаварылася ў паведамленні.
Там таксама адзначалася, што ў зону паразы трапіў будынак, які раней належаў данецкаму дзяржаўнаму інстытуту каляровых металаў.
Украінскі канал Supernova паведаміў, што там знаходзіўся штаб 8-й агульнавайсковай арміі Узброеных сілаў РФ.