Пачаўся Будслаўскі фэст
5- 4.07.2025, 21:12
- 7,470

Сёлета там адбудзецца асаблівая падзея.
У санктуарыі Маці Божай Будслаўскай стартаваў Будслаўскі фэст – галоўная каталіцкая пілігрымка Беларусі. Сёлета ў ім бяруць удзел дзве тысячы пілігрымаў з усёй краіны.
Святую Імшу сёння ўзначаліў біскуп Андрэй Зноска. Пілігрымаў у Будславе таксама сустракаў мітрапаліт Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі Іосіф Станеўскі. Звычайна на фэст з'язджаюцца ўсе каталіцкія біскупы Беларусі.
Да санктуарыя ўжо прыйшлі і прыехалі на роварах пілігрымкі з Менска, Ліды, Жодзіна, Ракава, Полацка, Росіцы, Нарачы, Глыбокага, Вілейкі, Мядзела, Маладзечна, Баранавічаў, Смаргоні, Паставаў. На гэты момант прыбыла больш за 1,7 тысячы чалавек. Вернікі прадаўжаюць ісці, піша БелТА.
Будслаўскі фэст праходзіць 4 і 5 ліпеня пад дэвізам «Божая Міласэрнасць – давяраем табе». У першы дзень фэсту а 21-й пачнецца Крыжовы шлях, у 23.30 – працэсія з копіяй выявы Маці Божай Будслаўскай, пасля чаго роўна апоўначы – Набажэнства.
На гэты раз падчас фэсту адбудзецца асаблівая падзея – прысвячэнне Менска-Магілёўскай мітраполіі Божай Міласэрнасці і Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі.
Трансляцыю асноўных мерапрыемстваў фэсту можна глядзець на канале Нацыянальнага санктуарыя.
Нагадаем, што ў 2018 годзе Будслаўскі фэст быў уключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.







