Tesla пабудавала цалкам аўтаномную зарадную станцыю для электрамабіляў
2- 4.07.2025, 21:23
- 2,814

Новы аб'ект у Каліфорніі працуе выключна на сонечнай энэргіі.
Tesla запусціла ў Каліфорніі першую цалкам аўтаномную зарадную станцыю Oasis Supercharger, якая не патрабуе падлучэння да электрасеткі. Як паведамляе Electrek, дзякуючы сонечным панэлям і сістэме назапашвання энэргіі Megapack, станцыя забяспечвае зарадку электрамабіляў незалежна ад знешніх крыніцаў сілкавання.
Будаўніцтва станцыі пачалося яшчэ летась, а цяпер уведзеная ў эксплуатацыю палова са 168 зарадных пастоў. Астатнія павінны запрацаваць да канца года. Уся энэргія паступае ад сонечнай электрастанцыі магутнасцю 11 МВт, а запас у батарэях складае 39 МВт · г, што дазваляе абслугоўваць кіроўцаў нават ноччу або ў пахмурнае надвор'е.
Праект уражвае сваімі маштабамі: сонечныя панэлі займаюць значную плошчу, што відаць на фота, апублікаваных Tesla. Пры такіх аб'ёмах станцыя з'яўляецца адной з найбуйнейшых не толькі ў сетцы Supercharger, але і сярод аўтаномных зарадных хабаў у свеце.
Нягледзячы на амбіцыйнасць, эканамічная мэтазгоднасць праекту яшчэ не ацэненая. Аднак менавіта Каліфорнія – ідэальнае месца для такога эксперыменту: вялікая колькасць сонечных дзён, высокая шчыльнасць электрамабіляў і развітая інфраструктура ствараюць умовы для паспяховай эксплуатацыі.
У цяперашні час Tesla плануе зрабіць падобныя «аазісы» часткай сваёй глабальнай стратэгіі, ператвараючы зарадныя станцыі ў незалежныя, экалагічныя і ўстойлівыя энэргетычныя аб'екты будучыні.