Дроны пашкодзілі некалькі вайсковых аэрадромаў у РФ
7- 5.07.2025, 8:05
- 10,272

Спадарожнікі NASA зафіксавалі пажары.
У Расеі паскардзіліся на новыя атакі дронаў у шэрагу рэгіёнаў. Выбухі ноччу і раніцай 5 ліпеня раздаваліся, сярод іншага, у раёнах вайсковых аэрадромаў «Энгельс» і «Барысаглебск».
Таксама магутны пажар пасля нападу ўспыхнуў у прамзоне ў горадзе Чэбаксары (Чувашыя). Кадры з беспілотнікамі, выбухамі і іх наступствамі расейцы выкладвалі ў сетку, піша «Обозреватель».

Так, сярод цэляў, якія абралі невядомыя добрыя дроны на тэрыторыі РФ на гэты раз, быў вайсковы аэрадром у Энгельсе Саратаўскай вобласці. Выбухі там прагрымелі раніцай. Відавочцы расказвалі пра працу СПА і РЭБ, жыхары горада таксама скардзіліся на адсутнасць мабільнай сувязі.

Пры гэтым мясцовыя ўлады заявілі, што «ў выніку атакі БПЛА ёсць разбурэнні жылых дамоў у Энгельсе і Саратаве. Папярэдне пацярпелых няма. На месцы працуюць экстранныя службы». Згадак пра аэрадром, з якога ўзлятае для ўдараў па Украіне варожая авіяцыя, у паведамленнях не было.
Яшчэ адзін аэрадром, наступствы нападу на якім відаць ужо нават з космасу, размешчаны ў Варонежскай вобласці РФ у Барысаглебску. Некалькі дзён таму там быў атакаваны Барысаглебскі навучальны авіяцыйны цэнтр падрыхтоўкі лётнага складу імя Чкалава, ліквідаваны двое расейскіх вайскоўцаў. Улады рэгіёну схавалі і атаку на авіяцэнтр, і гібель акупантаў.
Цяпер жа ў Барысаглебску зноў адбыўся «варушняк». Мясцовыя фіксавалі на відэа пралёты дронаў і выбухі, а таксама вогненнае зарыва ў раёне аэрадрома пасля атакі.

Пажары там зафіксавалі і спадарожнікі NASA.



У галоўным горадзе Чувашыі, Чэбаксарах, мясцовыя жыхары таксама назіралі ў небе дроны і зафіксавалі, як яны трапляюць у невядомую пакуль цэль у прамзоне. Яе відавочцы на кадрах у сетцы абазначаюць як «завод». Пры гэтым некаторыя відэа знятыя з тэрыторыі вытворцы катлоў для ацяплення «Вутэрм», мяркуючы з кадраў, прылёт адбыўся або на прадпрыемстве, або непасрэдна побач з ім.
Што менавіта было пашкоджана – пакуль невядома. Аднак расейскае незалежнае выданне ASTRA адзначае, што паліцыя пасля нападу перакрыла ўезд на тэрыторыю АТ «УНДІР-Прагрэс». Гэтае прадпрыемства вырабляе для расейскага войска антэны «Камета», якія абараняюць дроны УС РФ ад украінскіх РЭБ.

«Новыя кадры жыхароў Чэбаксараў сведчаць, што сілавікі перакрылі ўезд у ГЦ “МВТ Цэнтр” на праспекце Якаўлева. З іншага боку ГЦ размяшчаецца “УНДІР-Прагрэс”. Пры гэтым прадпрыемства знаходзіцца прыкладна за 4 кіламетры ад завода Vutherm, у раёне якога ўзнік пажар пасля нападу БПЛА, сведчыць аналіз ASTRA. Прычына перакрыцця тэрыторыі “УНДІР-Прагрэс” і ГЦ “МВП Цэнтр” на гэты момант невядомая», – удакладнілі ў ASTRA.
Папярэдняя атака на гэтае прадпрыемства адбылася 9 чэрвеня, пасля яе яно прыпыняла працу.
Потым кіраўнік Чувашыі Алег Нікалаеў пацвердзіў атаку на «УНДІР-Прагрэс», паводле ягоных словаў, вытворчасць не працуе пасля мінулай атакі ў чэрвені сёлета. Таксама ён пацвердзіў атаку на будынак на Лапсарскім праездзе.
«Сёння раніцай у Чувашыі зафіксаваная атака двума ўкраінскімі беспілотнікамі. Дзякуючы зладжанай працы экстранных службаў атрымалася ўнікнуць ахвяраў і пацярпелых. Адзін дрон упаў на дах пустога будынка АТ «УНДІР», вытворчасць на якім прыпыненая пасля папярэдняга нападу ў чэрвені сёлета, другі пашкодзіў склад, які будуецца на Лапсарскім праездзе. Усе службы працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, мы трымаем сітуацыю пад поўным кантролем. Прашу захоўваць спакой і давяраць толькі афіцыйнай інфармацыі», – напісаў Мікалаеў.



Пасля прылёту на месцы трапляння ўспыхнуў пажар. Густы чорны дым ад яго быў відаць здалёк.
У Чэбаксарах мясцовыя таксама скардзіліся на перабоі ў працы мабільнай сувязі.
Таксама пра атаку дронаў заяўлялі ў Ленінградскай вобласці. Праз яе ў аэрапорце Пулкава ў Санкт-Пецярбургу затрымалі больш за 50 рэйсаў. План «Дыван» там абвясцілі ў канцы мінулых сутак.
«Для гарантавання бяспекі палётаў аэрапорт Пулкава з 23:15 (з некалькімі адкрыццямі) часова абмежаваны на прыём і выпуск паветраных караблёў. У аэрапорце абслуговы персанал і наземныя службы працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. Авіякампаніі ажыццяўляюць вымушаныя карэкціроўкі раскладу. На гэты момант затрымана больш за 50 рэйсаў. З пасажырамі працуюць прадстаўнікі авіякампаній і аэрапорта. На перыяд чакання падаюцца вада і харчаванне», – заявілі ў прэс-службе «Пулкава».