«Яблыкі прадаюць коштам ананасаў»
17- 7.07.2025, 22:17
- 8,166

Беларусы абураныя коштамі самай звычайнай садавіны.
Ніхто не стане спрачацца, што яблыкі – самая даступная і звыклая садавіна на стале беларуса. Асабліва летам, калі хочацца чагосьці простага, вітаміннага і, пажадана, не за паўзаробку.
Але рэальнасць такая, што сёння яблыкі сталі практычна далікатэсам – мяркуючы з цэтлікаў у крамах, гэтая сціплая садавіна ўпэўнена даганяе «экзотыку», піша BGmedia.
Больш за сем рублёў за яблыкі? Гэта не жарт
На сітуацыю звярнула ўвагу праўладная камянецкая газета «Навіны Камянеччыны». Аўтарка артыкула стрымана, але відавочна са здзіўленнем расказала пра кошты польскіх яблыкаў у крамах міжрайбазы. Размова пра 7,8 беларускіх рублёў за кілаграм. Для параўнання: бананы і апельсіны, якія яўна не растуць пад Пінскам, каштуюць на 1,5–2 рублі танней.

«Здзіўлена паднімаюць бровы камянчане і пры выглядзе цэтліка цыбулі. 25 чэрвеня ў “Любаве” ён каштаваў 3,43 бел. руб. А гэта ж яшчэ ўраджай 2024 года!» – піша аўтарка.
Тым часам у адным з берасцейскіх паблікаў з'явілася фота коштаў яблыкаў і ананасаў у «Еўраопце».
Так, польскія яблыкі прадаюцца за 6,35 рублёў за кілаграм – кошт, які прымушае падумаць: ці не ў тропіках іх збіралі?
Дырэктар камянецкага філіяла ТУП «Берасцейская міжраённая гандлёвая база» Андрэй Дзенісюк тлумачыць: нібыта ўся рэч у тым, што яблыкі са стабілізацыйнага фонду ўжо скончыліся, і цяпер іх набываюць у камерцыйных пастаўшчыкоў – сярод іншага, у ТАА «Фрутрэал». А там кошт, як кажуць, «не для слабанервных».
Што да цыбулі, то і яе цяпер набываюць у прадпрымальнікаў не паводле фіксаваных дзяржкоштаў. Сюды, паводле словаў Дзенісюка, ужо закладзеныя і арэнда складоў, і выдаткі на лагістыку. Суцяшае толькі адно: фермеры з Іванаўскага і Столінскага раёнаў ужо пачалі збіраць ураджай-2025, так што праз пару тыдняў, магчыма, цыбуля стане таннейшай. Але вось з яблыкамі – не ўсё так проста.
Гісторыя з яблыкамі сёлета пачалася яшчэ ў траўні. Тады Лукашэнка заявіў, што год будзе неўраджайным, і даў даручэнне ўраду «прыдумаць, дзе набыць яблыкі». Праз тыдзень Беларусь зняла забарону на імпарт яблыкаў з ЕЗ, і ў крамах з'явілася польская садавіна.
«Добры ўраджай ананасаў і дрэнны яблыкаў»
Тым часам у сацсетках берасцейцы падколваюць.
«Дык лічы таннейшыя, чым трускаўкі».
«Морква – амаль 5 рублёў, мандарыны – 5,3».
«МАРГ глядзіць, каб фермер на капейку даражэй не прадаў. Калгасам можна».
«Добры ўраджай ананасаў і дрэнны яблыкаў».
Людзі ў здзіўленні: калі раней яблыкі былі даступным прадуктам круглы год, то цяпер, мяркуючы з коштаў, іх прасцей замяніць чымсьці больш экзатычным і… танным.
Іронія ў тым, што яблык заўсёды быў сімвалам простасці і даступнасці. А стаў – лакмусавай паперкай коштавай рэальнасці.