FT: Найбуйнейшы порт Еўропы рыхтуецца да вайны з Расеяй
- 2,844

Ротэрдам пачаў рэзерваваць месцы для суднаў з грузамі NATO і планаваць вайсковыя вучэнні.
Найбуйнейшы порт Еўропы Ротэрдам рыхтуецца да магчымай вайны з Расеяй, рэзервуючы месцы для суднаў з вайсковымі грузамі і плануючы, куды пераправіць грузы ў выпадку пачатку канфлікту.
Як распавёў Financial Times выканаўчы дырэктар управы порта Ротэрдама Будэвейн Сіманс, порт каардынуе з суседнім Антвэрпэнам дзеянні на выпадак прыбыцця брытанскіх, амерыканскіх і канадскіх транспартных сродкаў і грузаў.
Раней у траўні міністэрства абароны Нідэрландаў абвясціла, што порт Ротэрдам павінен будзе даць месца для апрацоўкі суднаў, якія перавозяць вайсковыя грузы, на просьбу NATO. Сіманс сказаў, што адно або некалькі суднаў будуць прышвартоўвацца ля прычала на некалькі тыдняў, чатыры ці пяць разоў на год. Акрамя таго, некалькі разоў на год будуць праводзіцца вайсковыя вучэнні.
Працягласць порта Ротэрдама складае 42 км. Штогод ён апрацоўвае амаль 436 млн тон грузаў, прымаючы 28000 суднаў па моры і 91000 суднаў па рацэ з Нямеччыны і ўнутраных раёнаў Еўропы. Порт ужо меў досвед працы з узбраеннямі, прынамсі, падчас вайны ў Персідскай затоцы ў 2003 годзе, але нават у разгар халоднай вайны ў яго не было для іх спецыяльнай прыстані.
Пры гэтым суседні Антвэрпэн рэгулярна атрымлівае пастаўкі для амерыканскіх войск, дыслакаваных у Еўропе. Ён апрацоўвае 240 млн тон грузаў за год, што робіць яго другім па велічыні портам у ЕЗ.
Сіманс таксама заклікаў еўрапейскія краіны ствараць запасы важных тавараў, як яны робяць з нафтай.
«Мы павінны паступіць гэтак жа з такімі матэрыяламі, як медзь, літый, графіт і шэрагам іншых важных сыравінных матэрыялаў», – сказаў ён, дадаўшы, што для такіх запасаў падыходзяць раёны вакол партоў, якія маюць добрыя размеркавальныя сеткі.