«З каровамі не атрымліваецца, Лукашэнка пераходзіць на развядзенне козаў»
18- 8.07.2025, 16:12
- 9,830

Пра новы крах дыктатара.
Лукашэнка наведаў племянны завод у вырошчванні козаў пад Магілёвам і тут жа выступіў з чарговай «плённай» дэбютнай ідэяй, піша «Салідарнасць».
Пачуўшы ад чыноўнікаў і профільных спецыялістаў, што «на племянных козачак ёсць добры попыт не толькі ў Беларусі, але і ва Узбекістане і Расеі», Лукашэнка запатрабаваў «хутчэй разгортвацца»:
– А чаму не займацца гэтым, чаму не інтэнсіфікаваць працэс? Тут добрая справа, перспектыўная, попыт ёсць. Павінна быць падваенне, пакуль ёсць попыт.
Чыноўнікам агучылі канкрэтны тэрмін падваення – да сярэдзіны 2026 года.
– Трэба ісці на максімум. Калі ёсць момант зарабіць грошы, трэба зарабляць, займаць рынак, – распарадзіўся кіраўнік. І адначасна выдаў сакрэт, як зрабіць прадукцыю казаводства папулярнай у беларусаў.
– Выдатнае малако. І дзеткам гэта вельмі важна. Харчаванне – гэта перш за ўсё псіхалогія.
Ідэя зарабіць грошай, пакуль ёсць попыт, з падачы Лукашэнкі рэалізуецца далёка не першы раз Так, у свой час у Беларусі значна пашырылі вытворчасць цукру, паспрабаваўшы разбагацець на часовым дэфіцыце гэтага прадукту ў Расеі.
Аналагічная гісторыя была з рэканструкцыяй цэментных заводаў, якія каштавалі бюджэту вялізных затратаў, і з вытворчасцю паперы і цэлюлозы.
Ва ўсіх гэтых выпадках імгненнае жаданне скарыстацца момантам павярнулася поўным крахам і шматгадовымі стратамі. У гісторыі з козамі радуе тое, што ўдар па бюджэце будзе значна больш сціплым, улічваючы маштаб сектара.
Паводле афіцыйных звестак, у краіне ва ўсіх катэгорыях гаспадарак утрымліваецца 48 тысячаў галоваў козаў, з якіх на дзяржаўныя сельгасарганізацыі прыпадае ўсяго 5%.