15 жнiўня 2025, Пятніца, 12:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расеі зачыняюцца аўтадылеры

3
У Расеі зачыняюцца аўтадылеры

Велізарны абвал продажу аўтамабіляў.

З пачатку 2025 года ў Расеі спынілі працу амаль 200 аўтадылерскіх цэнтраў – гэта каля 5% ад агульнай колькасці дылераў, якіх у краіне налічваецца блізу 4000. Пра гэта Autonews паведаміў прэзідэнт Асацыяцыі “Расейскія аўтамабільныя дылеры” (РААД) Аляксей Падшчаколдзін. Масавае закрыццё адбываецца на фоне рэзкага зніжэння попыту: паводле вынікаў першага паўгоддзя продажы новых аўтамабіляў у Расеі абрынуліся больш чым на чвэрць.

Са слоў Падшчаколдзіна, яшчэ прыкладна 30% аўтадылерскіх кампаній у краіне зараз знаходзяцца ў вельмі складаным фінансавым становішчы і блізкія да спынення дзейнасці. Ён адзначыў, што дзейная структура аўтамабільнага рынку Расеі не дазваляе атрымліваць устойлівы прыбытак ні аўтавытворцам, ні дылерам.

Нягледзячы на агульнае зніжэнне продажаў, за больш чым тры гады, якія прайшлі з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, колькасць аўтамабільных брэндаў на расейскім рынку вырасла ў два разы: калі ў пачатку 2022 года іх было 60, то да чэрвеня 2025-га - ужо 124. Пры гэтым, паводле эксперта, “пераважная большасць новых марак — кітайскія”.

Аднак рост колькасці брэндаў не азначае рост продажаў. На адзін аўтамабільны брэнд у Расеі ў сярэднім даводзіцца каля 12 900 прададзеных машын у год - гэта ў 28 разоў менш, чым у ЗША, дзе на адзін брэнд рэалізуецца каля 355 500 аўтамабіляў. Пры гэтым колькасць брэндаў у Расеі амаль утрая перавышае амерыканскі паказчык (124 супраць 45), а аўтадылераў у краіне – 4000, тады як у ЗША – 16 700. У пераліку на адзін дылерскі цэнтр у Расеі даводзіцца ўсяго блізу 400 продажаў у год, у ЗША – 960, што ў 2,4 разы больш. Такія паказчыкі робяць значную частку расейскага дылерскага бізнэсу стратным, падкрэслівае Autonews.

Паводле звестак намесніка кіраўніка аналітычнага цэнтра “Аўтастат” Дзмітрыя Ярэгіна, за першыя шэсць месяцаў 2025 года ў Расеі было прададзена 530,4 тысячы новых легкавых аўтамабіляў. З улікам камерцыйнага транспарту (грузавікоў і аўтобусаў) сукупны аб'ём рынку склаў 601,8 тысячы адзінак. Гэта на 28% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года, разам з гэтым падзенне ў сегменце легкавых аўто - 26%.

Сярод асноўных чыннікаў зніжэння попыту аналітыкі “Аўтастата” называюць высокія кошты на аўтамабілі, узмацненне жорсткасці палітыкі Цэнтрабанка ў сферы аўтапазык, высокія стаўкі ў пазыках і дэпазітах.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках