Беларусаў абурылі няправільныя прагнозы надвор'я ад Белгідрамета
12- 9.07.2025, 9:28
- 8,308

Сіноптыкі адказалі.
У сетцы сталі распаўсюджвацца чуткі, што ў Белгідрамета адсутнічае абсталяванне, чаму немагчыма даць карэктны прагноз надвор'я. У прэс-службе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя інфармацыю аспрэчылі, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».
– У адрозненне ад кароткатэрміновых прагнозаў надвор'я, якія выпускаюць спецыялісты кожнай з нацыянальных гідраметэаралагічных службаў, доўгатэрміновыя прагнозы – складаная, рэсурсаёмістая задача, для развязання якой аб'ядноўваюцца намаганні розных краінаў. З 193 чальцоў Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі (СМА) глабальныя сезонныя прагнозы сёння выпускаюць усяго 13 цэнтраў доўгатэрміновых прагнозаў: Бразіліа (Бразілія), Вашынгтон (ЗША), Мельбурн (Аўстралія), Манрэаль (Канада), Масква (Расея), Офенбах (Нямеччына), Пекін (КНР), Прэторыя (ПАР), Рэдынг (Вялікая Брытанія), Сеул (Паўднёвая Карэя), Токіа (Японія), Тулуза (Францыя), Эксетэр (Вялікая Брытанія), – расказала прэс-сакратарка Мінпрыроды Аліна Астаф'ева.
Далей СМА праз рэгіянальныя кліматычныя цэнтры распаўсюджвае доўгатэрміновыя прагнозы для краінаў – чальцоў міжнароднай арганізацыі. У Еўропе функцыі аднаго з вузлоў рэгіянальнай кліматычнай сеткі выконвае Паўночна-Еўразійскі кліматычны цэнтр (Расея), які забяспечвае доўгатэрміновымі прагнозамі краіны СНД.
Акрамя таго, Расгідрамет штомесяц складае і накіроўвае беларускім калегам прагнозы адхілення сярэдняй тэмпературы і сумы ападкаў за месяц ад кліматычнай нормы для тэрыторыі Беларусі.
Паводле словаў Астаф'евай, у самога Белгідрамета ёсць сучаснае абсталяванне, вялікая колькасць метэастанцый і радыёлакатараў, якія пакрываюць усю краіну. Там працуюць кваліфікаваныя спецыялісты, што дае магчымасць рабіць усё больш дакладныя прагнозы. Дзякуючы магутным камп'ютарам Белгідрамет можа паляпшаць мадэлі разліку надвор'я, супрацоўнічаючы з навукоўцамі з Акадэміі навук.
Паводле вынікаў першага паўгоддзя 2025 года апраўдвальнасць прагнозаў надвор'я Белгідрамета ў абласцях на адны суткі склала 98,2%, на 2-3 сутак у абласцях – 97,2%. Такія значэнні з'яўляюцца аднымі з самых высокіх сярод краінаў СНД. Згодна з рэкамендацыямі Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі, за паспяховыя ўважаюцца прагнозы апраўдвальнасцю 85–90%.