Паветраныя сілы УСУ адбілі найбуйнейшы паветраны напад РФ за ўсю вайну
7- 9.07.2025, 10:32
- 7,700

Устаноўлены рэкорд у збітых цэлях.
Ноч з 8 на 9 ліпеня стала новай вяхой у расейскай паветранай агрэсіі супраць Украіны. Войска РФ абрынула на ўкраінскае неба нябачаную раней колькасць дронаў-камікадзэ і ракетаў, імкнучыся знясіліць сістэму супрацьпаветранай абароны і нанесці ўдары па крытычнай інфраструктуры.
Аднак украінскія сілы абароны далі ўпэўнены адпор: было нейтралізавана 718 паветраных цэляў. Гэта рэкордны паказнік за ўвесь перыяд поўнамаштабнай вайны.
Як паведамілі ва УС УСУ, з 20:00 8 ліпеня да раніцы 9 ліпеня войска РФ нанесла камбінаваны ўдар па тэрыторыі краіны, выкарыстаўшы ў агульнай колькасці 741 сродак паветранага нападу.
Сярод іх 728 ударных беспілотнікаў тыпу Shahed і імітатараў іншых мадэляў, запушчаных з кірункаў Бранск, Прыморска-Ахтарск, Курск, Арол і Мілерава.
Таксама Расея выпусціла 7 крылатых ракетаў «Х-101» / «Іскандэр-К» з тэрыторыі Саратаўскай і Курскай абласцей і 6 аэрабалістычных ракетаў «Х-47М2 Кінжал» з паветранай прасторы Ліпецкай вобласці. Асноўны ўдар прыйшоўся па Валыні, сярод іншага па Луцку.
Украінская СПА, уключаючы знішчальную авіяцыю, зенітныя ракетныя комплексы, сілы радыёэлектроннай барацьбы і мабільныя агнявыя групы, здолела нейтралізаваць 718 варожых аб'ектаў, з іх 303 знішчаныя агнявымі сродкамі: – 296 БПЛА збітыя; – 7 крылатых ракетаў знішчаны. Астатнія 415 цэляў былі страчаныя ворагам у выніку заглушэння сродкамі РЭБ.

Тым не менш зафіксаваны траплянні ў чатырох населеных пунктах, а таксама падзенні абломкаў на яшчэ 14 лакацыях. Удакладненне наступстваў прадаўжаецца.
Атака такога маштабу пацвярджае, што РФ прдаўжае тактыку начнога тэрору, робячы стаўку на дроны і ракеты з мэтай знясіліць украінскую СПА. Нягледзячы на інтэнсіўнасць налёту, украінскія сілы дэманструюць стойкасць і эфектыўнасць, што становіцца сігналам свету: абарона працуе, але мае патрэбу ў сталай падтрымцы і ўзмацненні.