NATO накіроўвае знішчальнікі F-35 у Польшчу
2- 9.07.2025, 12:31
- 2,546

Яны будуць абараняць усходні фланг і пастаўкі ва Украіну.
З 1 верасня знішчальнікі пятага пакалення F-35A ВПС Нідэрландаў і Нарвегіі пачнуць патруляванне паветранай прасторы Усходняй Еўропы, грунтуючыся ў Польшчы, піша National Interest (пераклад – сайт Charter97.org).
Галоўная мэта місіі – абарона маршрутаў паставак ваеннай дапамогі Украіне і ўмацаванне ўсходняга флангу NATO на фоне пагрозы з боку Расеі.
Самалёты будуць выконваць задачы ў рэжыме сталай баявой гатоўнасці, што прадугледжвае кругласутачную гатоўнасць да перахопу магчымых парушальнікаў паветранай прасторы альянсу.
Міністр абароны Нідэрландаў Рубен Брэкелманс адзначыў: «Мы зноў робім унёсак у абарону тэрыторыі NATO і бяспеку Еўропы, выкарыстоўваючы нашы самыя сучасныя магчымасці».
Чакаецца, што місія прадоўжыцца да 1 снежня. Польшча пакуль не мае сваіх F-35 – першыя два самалёты выкарыстоўваюцца ў ЗША для навучання пілотаў, а баявыя знішчальнікі чакаюцца ў 2026 годзе.
Гэта ўжо не першая місія ВПС Нідэрландаў з F-35 ля межаў Расеі. Раней яны ўдзельнічалі ў патруляванні паветранай прасторы над Балтыкай і праводзілі трэніроўкі ў Эстоніі.
Нідэрланды сталі другім замежным аператарам F-35 пасля Вялікай Брытаніі, дасягнуўшы поўнай боегатоўнасці з гэтым тыпам самалётаў у 2024 годзе. Нарвегія атрымала ўсе свае F-35 у красавіку 2025 года.