«Ён з’яўляецца для ўсіх сімвалам мужнасці, справядлівасці і веры ў свабоду»
1- 9.07.2025, 14:07
- 2,942

Трэба не толькі вызваляць палітвязняў, але і спыняць канвеер рэпрэсій.
У Сейме Літвы адбылася сустрэча дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь» з нядаўна вызваленымі палітвязнямі. На гэтай сустрэчы прысутнічаў і праваабаронца «Вясны», таксама былы палітвязень Леанід Судаленка.
«Радыё Рацыя» пагаварыла з нім пра гэту сустрэчу.
- Што Вы можаце распавесці пра гэтую сустрэчу?
- У Сейме Літвы адбылася сустрэча дэпутатаў з былымі палітвязнямі: Наталляй Дулінай, Ігарам Карнеем і Сяргеем Ціханоўскім. Сустрэча была прысвечана іх вызваленню, умовам, у якіх адбываюць пакаранне беларускія палітвязні. Канешне, асноўная ўвага была прыцягнута да былога палітвязня Сяргея Ціханоўскага, які на сваім прыкладзе вельмі яскрава расказваў пра тыя ўмовы, у якіх застаюцца крыху менш за 1200 палітычных вязняў у турмах Беларусі.
Абмяркоўваліся пытанні, што трэба не толькі вызваляць палітвязняў, але яшчэ і спыняць канвеер рэпрэсій. Таму што рэпрэсіі ў Беларусі, нягледзячы на тыя памілаванні, якія адбываліся цягам мінулага і гэтага года, яны працягваюцца. Выходзіць адзін чалавек, а на яго месца прывозяць тут жа дваіх чалавек. Вельмі важна надаваць значэнне сістэме, у аснове якой ляжыць гвалт, які пануе ў сённяшняй Беларусі, уседазволенасць і прававое бязмежжа. Таксама адзначалася, што колькасць так званых «жоўтабірачнікаў» – тых палітычных вязняў, якіх адзначаюць адмысловымі жоўтымі біркамі, яна значна большая за афіцыйны спіс палітвязняў. І ціск на рэжым павінен быць узмоцнены, бо іншага механізму ўздзеяння на рэжым няма.
Я прысустнічаў на гэтай сустрэчы, па-першае, як былы палітвязень, каб узмацніць голас свайго сябра і паплечніка, Нобелеўскага лаўрэата прэміі міру Алеся Бяляцкага, які з’яўляецца для ўсіх сімвалам мужнасці, справядлівасці і непахіснасці веры ў свабоду.
Віцэ-спікер Сейму Літвы Юозас Алекас, падсумоўваючы вынікі сустрэчы адзначаў, што наша супраца мусіць быць скіраваная на галоўную мэту – толькі дэмакратычная, толькі еўрапейская, толькі бяспечная Беларусь з’яўляецца краінай, якую мы ўсе бачым і чакаем. Таксама падчас гэтай сустрэчы з некаторымі дэпутатамі літоўскага Сейму распачалося абмеркаванне кампаніі за вызваленне Алеся Бяляцкага. І мы дамовіліся, што ў верасні на дзень народзінаў Бяляцкага правесці круглы стол ці выставу ў Сейме Літвы, каб яшчэ раз падняць тэму, што Беларусь з’яўляецца на сёння адзінай краінай, бадай, ва ўсім свеце, дзе ў турме знаходзіцца Нобелеўскі лаўрэат.
- На сустрэчы была Наталля Дуліна, і наколькі нам вядома, яна не хацела выязджаць, што яе без яе волі выціснулі ў Літву. Ці можа яна зараз вярнуцца ў Беларусь?
- Так, Наталля Дуліна якраз пра гэтыя праблемы і казала. Мы, беларускія праваабаронцы, падкрэсліваем, што адбываецца фактычна дэпартацыя, калі былых палітзняволеных без усіх папер, без даведак пра вызваленне, без актаў пра памілаванне, проста выкідваюць з пашпартам за мяжу і жыві як хочаш. І Наталля казала, што ёй менш за тры месяцы заставалася да заканчэння тэрміну і яна б з задавальненнем, каб у яе спыталі, сказала, што няхай іншая жанчына, якую чакаюць дзеткі дома, выйдзе, а я ўжо дасяджу гэты тэрмін і вызвалюся. Але ёй не далі такой магчымасці.
Яе дэпартавалі ў Літву, і яна насамрэч не ведае, як ёй жыць у чужой краіне без пенсіі, без сродкаў для існавання. Я раю Наталлі ўступіць у камунікацыю з уладамі Беларусі, каб даведацца пра свой прававы статус на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Пажадана, каб яна ўсё ж змагла атрымаць указ ці дэкрэт Лукашэнкі аб памілаванні. І калі яна і вырашыць ехаць дахаты, каб яе проста не арыштавалі.
Таму што яе насамрэч памілавалі, але я лічу, што ёй небяспечна зараз вяртацца ў Беларусь, бо яе могуць арыштаваць і пакуль пройдуць працэдуры ўзгаднення, яна можа правесці гэты час пад арыштам. І гэта яшчэ адзін від рэпрэсій, які ажыццяўляе рэжым у дачыненні да беларусаў.