Bloomberg: Крэмль адбірае бізнэс у непажаданых, каб выжыць, але гэта не выратуе РФ
2- 9.07.2025, 17:55
- 9,410

Уладальнікі бізнэсу ўжо б'юць трывогу.
У Расеі назіраецца значны рост колькасці канфіскацый актываў. Гэта сітуацыя пагаршае перспектывы эканомікі, якая запавольваецца, хоць такія захады дапамагаюць папоўніць дзяржаўную казну.
Выданне Bloomberg (пераклад - «Уніян») піша, што, паводле ацэнак юрыстаў, агульны кошт канфіскаванай маёмасці з 2022 года дасягнуў 39 трлн рублёў або 49,5 млрд даляраў. За апошнія 12 месяцаў агульны кошт канфіскаваных актываў патроіўся.
У той час як 1,5 трлн рублёў з канфіскаваных актываў належалі стратэгічна важным прадпрыемствам, астатняя частка належыць шырокаму спектру галін і часта прадаецца новым уладальнікам, а даходы ад продажу паступаюць у казну. Юрысты налічылі 102 такія справы.
Тэндэнцыя да павелічэння канфіскацыі актываў можа садзейнічаць умацаванню дзяржаўных фінансаў, а таксама ўмацаванню кантролю дзяржавы. Аднак яна аслабляе ўстойлівасць эканомікі і спусташае прыватны сектар, які дапамог Расеіі вытрымаць санкцыі і ўзрушэнні пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.
Са слоў юрыстаў, улады прыводзяць цэлы шэраг абгрунтаванняў для канфіскацыі, пачынаючы ад праблем з тым, як былі прыватызаваныя прадпрыемствы, і абвінавачванняў у карупцыі, заканчваючы меркаваным экстрэмізмам і абаронай грамадскіх інтарэсаў.
Летась федэральны бюджэт атрымаў 132 мільярды рублёў ад продажу маёмасці, што значна перавысіла мэтавы паказчык 1 мільярд рублёў. Большая частка гэтай сумы паступіла ад актываў, канфіскаваных Генеральнай пракуратурай. Міністр фінансаў Антон Сілуянаў заявіў у сакавіку, што хоча захаваць гэты тэмп у 2025 годзе. У сувязі з гэтым уладальнікі бізнэсу б'юць трывогу.
Фінансавае становішча Расеі пагаршаецца. Са слоў эканаміста і навуковага супрацоўніка Цэнтра Дэвіса Гарвардскага ўніверсітэта Андрэя Якаўлева, зніжэнне коштаў нафты і ўмацаванне рубля пагражаюць знясіленнем пакінутых ліквідных рэзерваў у Нацыянальным фондзе дабрабыту да канца года.
- Гэта ўзнімае пытанне аб тым, як фінансаваць вайсковую вытворчасць і войска - і продаж канфіскаваных актываў бізнэсоўцам, звязаным з рэжымам, становіцца зручным варыянтам, - сказаў ён.