Палац Радзівілаў другім разам сёлета выставілі на продаж
6- 9.07.2025, 15:37
- 4,830

Але ўдвая танней.
У Гарадзенскай вобласці зноў выставілі на аўкцыён палац Радзівілаў сярэдзіны XVIII стагоддзя. У траўні двухпавярховы цагляны асабняк плошчай 1527 кв. м ужо прадавалі на пляцоўцы «БУТБ-Маёмасць» з пачатковым коштам 296,064 тысячы рублёў. Цяпер ён знізіўся да 148 тысяч, паведамілі ў прэс-службе біржы.
Былы палац Радзівілаў пабудавалі больш за 270 гадоў таму. Яго пачаў узводзіць на месцы спаленага швэдамі драўлянага замка Мікалай Фаўстын Радзівіл. Затым гісторыя была звязаная з сям'ёй яго сына - Ульрыка Крыштафа Радзівіла. Ён быў пісьменнікам, паэтам, гісторыкам, дзяржаўным дзеячам Вялікага княства Літоўскага, князем Свяшчэннай Рымскай імперыі.
Асабняк шмат разоў спрабавалі прадаць з аўкцыёну. У 2022 годзе яго набыў за тры базавыя адзінкі (на той момант - 96 рублёў) бізнэсовец з Расеі, не звязаны з Беларуссю. Аднак затым палац перадалі ў аператыўнае ўпраўленне Дзятлаўскаму райвыканкаму.
Участак плошчай 41 сотка перадаецца ўладальніку будынка ў арэнду тэрмінам да 28 лістапада 2072 года. Комплекс складаецца з двухпавярховага цаглянага будынка са склепам і чатырма халоднымі прыбудовамі.
Па ўмовах таргоў пакупніку даюць тры гады на тое, каб ён пачаў выкарыстоўваць аб'ект. У выпадку рэканструкцыі, будаўніцтва або зносу нерухомасці гэта трэба будзе зрабіць у тэрміны, вызначаныя праектна-каштарыснай дакументацыяй, але не пазней за пяць гадоў з моманту падпісання дамовы куплі-продажу.