19 жнiўня 2025, aўторак, 4:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Са дна Міжземнага мора паднятае адно з Сямі цудаў Антычнага свету

5
Са дна Міжземнага мора паднятае адно з Сямі цудаў Антычнага свету
ілюстрацыйнае фота: The Past

Гаворка ідзе пра знакаміты Александрыйскі маяк.

Каменныя блокі ляжалі на дне гавані Александрыі, якая знаходзіцца на паўднёва-ўсходнім узбярэжжы Міжземнага мора. Цяпер навукоўцы збіраюцца іх вывучыць і правесці лічбавае сканаванне. Вынікі гэтага сканавання будуць дададзеныя да звестак аб больш чым 100 камянях, якія раней таксама паднялі са дна мора, піша Live Science (пераклад - «Фокус»).

Фота: GEDEON Programmes/CEAlex

Гэтым даследаваннем кіруе французскі археолаг і архітэктар Ізабэль Эры. У яе каманду таксама ўваходзяць гісторыкі, археолагі, архітэктары і інжынеры. Іх мэтай з'яўляецца стварэнне віртуальнай 3D-мадэлі Александрыйскага маяка. Ён сур'ёзна пацярпеў у выніку землятрусаў, якія адбыліся XIV стагоддзі.

Фота: GEDEON Programmes/CEAlex

Сярод паднятых камянёў навукоўцы знайшлі фрагменты дзвярнога праёму вагой ад 70 да 80 тон. Таксама былі знойдзеныя фрагменты масіўнай калоны ў егіпецкім стылі і цырыманіяльнай брамы, якая магла служыць помнікам.

Александрыйскі маяк быў пабудаваны блізу 280 года да н. э. на загад егіпецкага цара Пталамея II Філадэльфа. Будынак, як і ўсе астатнія маякі, прызначаўся для таго, каб бяспечна паказваць шлях караблям да гавані.

Сам жа горад быў заснаваны Аляксандрам Македонскім, які адваяваў Егіпет у Персідскай імперыі ў 332 годзе да н. э. Старажытны горад быў названы ў гонар Македонскага. Александрыя была сталіцай Егіпта пры эліністычнай (грэцкай) дынастыі фараонаў Пталамеяў і адным з найбагацейшых гарадоў Старажытнага свету.

Александрыйскі маяк уважаўся за сапраўдны тэхналагічны цуд. Яго вышыня складала больш за 100 метраў, таму ён законна ўважаўся адным з самых высокіх будынкаў Старажытнага свету. У яго была шмат'ярусная канструкцыя з квадратнай падставай, васьмівугольнай сярэдняй часткай і цыліндрычнай верхняй часткай.

На вяршыні маяка запальвалася гіганцкае вогнішча, якое, імаверна, запраўлялася не толькі дровамі, але і алеем. Са слоў старажытных пісьменнікаў, маяк ствараў канцэнтраваны прамень, які быў бачны на адлегласці да 50 км.

Такі эфект мог быць дасягнуты з дапамогай адлюстравання агню на маяку ў вялікіх паліраваных металічных паверхнях, магчыма, з бронзы ці медзі.

Менавіта старажытнагрэцкія пісьменнікі далі Александрыйскаму маяку званне аднаго з цудаў свету. Маяк услаўляў і Пліній Старэйшы ў часы Рымскай імперыі, які пісаў аб будынку праз сотні гадоў пасля яго ўзвядзення.

Упершыню руіны Александрыйскага маяка знайшлі пад вадой у 1994 годзе. Адкрыццё зрабіў французскі археолаг Жан-Іў Эмперэр.

Замест таго, каб падняць усе часткі маяка і сабраць іх зноў, навукоўцы пастанавілі стварыць яго віртуальную версію, або «лічбавага двайніка».

Нядаўна знойдзеныя каменныя блокі будуць падвергнуты лічбаваму сканаванню, а звесткі перададзеныя інжынерам-валанцёрам з Фонду Dassault Systems, якія паспрабуюць правільна размясціць іх падчас рэканструкцыі – «як фрагменты гіганцкай археалагічнай галаваломкі», гаворыцца ў заяве.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках