У Беларусь зноў заляталі расейскія «шахеды», а можа і ракеты
4- 9.07.2025, 16:49
- 4,764

Паднімалі знішчальнік.
У ноч на 9 ліпеня Расея паставіла новы рэкорд начных нападаў на Украіну: паветраныя сілы Украіны налічылі 7 крылатых ракет X-101 або «Іскандэр-К», 6 аэрабалістычных ракет Х-47М2 «Кінжал» і 728 дронаў-камікадзэ і іх імітатараў. Паводле ўкраінскага праекту «Рында маніторыць», у паветраную прастору Беларусі заляцелі сама меней чатыры расейскія дроны, паведамляе «Белсат».
Аб першым паведамілі а 4:26, ён ляцеў з боку сяла Рэпак Чарнігаўскай вобласці. Пра другі - а 5:28, ляцеў з боку Алеўска ў Жытомірскай вобласці. Пра трэці - а 5:44, ляцеў з боку вёскі Познані Роўненскай вобласці. Пра чацвёрты - а 4:57, ляцеў на Лунінец. У апошнім паведамленні адзначылі: на тэрыторыі Беларусі паднімаўся самалёт-знішчальнік - магчыма, для перахопу беспілотніка. Аб пацярпелых не паведамлялі.
У Беларусь маглі заляцець і ракеты: з Бранскай вобласці Расеі, прынамсі, чатыры ракеты запускалі па Луцку, яны маглі праляцець над Брагінам, Хойнікамі або Нароўляй.
Асноўная маса дронаў і ракет у гэтую ноч ляцела на Луцк, запускі адбываліся з усёй лініі фронту і з усёй расейска-ўкраінскай мяжы. Куды цэліліся расейскія войскі, невядома, але відавочна, што цэляў не дасягнулі: былі пэўныя пашкоджанні і пажары, але абышлося без масавых разбурэнняў і ахвяр, ад аскепкаў «шахеда» загінуў адзін чалавек.
Са слоў начальніка камунікацый Паветраных сіл УСУ Юрыя Ігната, галоўны ўдар быў накіраваны на аэрадром на Валыні. Не выключана, што Расея проста спрабуе перагрузіць паветраную абарону Украіны ці пасылае нейкі сігнал прэзідэнту ЗША, які абураўся выказваннямі кіраўніка Расеі.
У мінулую ноч у Беларусь залятала нават больш дронаў: прынамсі, 12. Як адзначыў Гомельскі «Флагшток», за ўвесь чэрвень у Беларусь залятала толькі 17 дронаў. Аб пацярпелых не паведамлялі. Удзень 3 чэрвеня расейскі робат упаў каля вёскі Ратміравічаў, што на мяжы Кастрычніцкага і Глускага раёнаў Гомельскай вобласці, тады таксама, здаецца, абышлося без пацярпелых.