Еўрапейскі суд прызнаў РФ вінаватай у парушэнні правоў чалавека ва Украіне і катастрофе MH17
3- 9.07.2025, 17:34
- 3,576

Пастанова прынятая паводле пазоваў, пададзеных Украінай і Нідэрландамі.
Еўрапейскі суд у правах чалавека (ЕСПЧ) у сераду прызнаў Расею адказнай за катастрофу малайзійскага рэйса MH17 у 2014 годзе над усходняй Украінай, а таксама за масавыя парушэнні правоў чалавека, звязаныя з яе дзеяннямі на тэрыторыі Украіны, піша The New York Times (пераклад - сайт Charter97.org).
Пастанова прынятая паводле пазоваў, пададзеных Украінай і Нідэрландамі, і ахоплівае шырокі спектр абвінавачанняў - ад ваеннай падтрымкі сепаратыстаў да гвалтоўнага вывазу ўкраінскіх дзяцей у Расею. Суд указаў, што ракета «Бук», якая збіла лайнер, была выпушчаная альбо расейскім вайскоўцам, альбо прарасейскімі сепаратыстамі, якія цалкам кантралююцца Масквой. Нагадаем, у катастрофе загінулі ўсе 298 чалавек на борце, большасць з іх - грамадзяне Нідэрландаў.
Раней, у 2022 годзе, нідэрландскі суд ужо ўстанавіў віну Расеі, а ў траўні 2025 года аналагічную выснову зрабіў Міжнародны авіяцыйны камітэт ААН.
Акрамя таго, ЕСПЧ устанавіў, што з 2014 года Расея нясе адказнасць за «шырокамаштабныя і абуральныя» парушэнні правоў чалавека на акупаваных тэрыторыях, уключаючы пазасудовыя пакаранні, катаванні, згвалтаванні, марадзёрства і незаконны вываз украінскіх дзяцей, якіх у шэрагу выпадкаў аддавалі на ўсынаўленне ў Расеі.
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў адпрэчыў легітымнасць пастановы суда, заявіўшы, што Расея не прызнае яго і не збіраецца выконваць.
Хаця Расея была выключаная з Рады Еўропы ў 2022 годзе, пастанова ЕСПЧ падкрэслівае яе міжнародную ізаляцыю і ўзмацняе юрыдычны ціск з боку Еўропы.