Нацбанк хвалюецца нездарма
2- 9.07.2025, 18:24
- 7,884

Чаму попыт на валюту ў чэрвені рэкордны?
У пачатку ліпеня Нацбанк пахваліўся нябачанымі найперш золатавалютнымі запасамі. Іх рост стаў вынікам анамальнай сітуацыі, калі пры дэфіцыце знешняга гандлю прапанова валюты ў красавіку і траўні была значна вышэйшая за попыт. Але шчасце было нядоўгім. Попыт на валюту ў чэрвені паставіў рэкорд, піша planbmedia.io.
Попыт на валюту ў чэрвені быў рэкордны як у кампаній, так і ў насельніцтва. Калі людзі прадавалі ўсё ж больш валюты, чым куплялі, то прадпрыемствы — наадварот. За месяц яны купілі валюты на 3,8 млрд. даляраў, а прадалі крыху менш чым на 3 млрд. У выніку чысты попыт на валюту ў чэрвені склаў амаль 450 млн. даляраў.
І гэта звыклы стан для беларускага валютнага рынку ва ўмовах, калі гандлёвы дэфіцыт таксама ставіць рэкорды. За чатыры месяцы адмоўнае сальда ў гандлі таварамі і паслугамі склала 856 млна. даляраў. Дэфіцыт у гандлі таварамі за пяць месяцаў вырас да 2,6 млрд. Беларускія кампаніі набываюць валюты больш, чым прадаюць, калі зарабляць яе на знешніх рынках у іх не атрымліваецца.
Ненатуральнай была адваротная сітуацыя, калі ў красавіку і траўні прапанова валюты была вышэйшая за попыт. Асабліва ў красавіку, калі беларускія кампаніі прадалі рэкордныя 3 млрд. даляраў, а купілі толькі 2,7 млрд. Пры тым, што гандлёвы баланс быў глыбока адмоўны ужо тады.
У выніку за красавік і травень прафіцыт на валютным рынку быў большы за 1 мільярд даляраў. І гэты прафіцыт дазволіў Нацбанку папоўніць свае рэзервы да 11,5 млрд. даляраў.
Нацбанк не каментаваў прычыны такой дзіўнай сітуацыі, невытлумачальнай для звычайнай эканамічнай логікі. Але беларускай эканоміцы, як вядома, бывае не да законаў. Таму фенаменальна высокая прапанова валюты магла тлумачыцца спецыфікай беларускіх эканамічных зносін.
Напрыклад, тым, што нейкіх буйных інвестараў прымусілі дадаткова інвеставаць свой прыбытак у беларускую эканоміку. Заплаціць за права заставацца ў гэтай эканоміцы далей. Або, наадварот. Выкуп за права яе пакінуць. Нездарма ж Лукашэнка патрабаваў прыняць надзвычайныя меры, каб не дапусціць вываду грошай за мяжу і вярнуць тыя грошы, якія ўжо паспелі вывесці.
Але асаблівасць надзвычайных мер у тым, што іх нельга прымяняць пастаянна. А потым альбо скончацца фундатары, альбо ў фундатараў скончацца грошы. Так што ў чэрвені беларускі валютны рынак вярнуўся да свайго звыклага стану.
І гэта тлумачыць, чаму Нацбанк раптам падняў стаўку рэфінансавання, спалохаўшыся росту спажывецкага імпарту. Нацбанк дакладна ведаў, адкуль на беларускім валютным рынку такое шчасце. І разумеў, што доўга яно не працягнецца.