13 жнiўня 2025, Серада, 19:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Францыя назвала непрымальным патрабаванне Пуціна

Францыя назвала непрымальным патрабаванне Пуціна

Парыж акрэсліў чырвоную лінію.

Францыя адвяргае патрабаванне Пуціна радыкальна скараціць войска і раззброіць Украіну, заявіў міністр абароны рэспублікі Себасцьен Лекарню ў інтэрв'ю Valeurs Actuelles. “Наша абсалютная чырвоная лінія - гэта дэмілітарызацыя Украіны. Трэба быць паслядоўнымі. Нельга адмаўляць Украіне ва ўступленні ў NATO і ў той жа час пагаджацца з тым, каб у яе не было войска. Украінцы павінны мець магчымасць гарантаваць сваю бяспеку “, - падкрэсліў Лекарню.

Паводле яго слоў, “гэта ключавы момант", інакш не будзе ніякіх гарантый таго, што Расея не нападзе на суседнія краіны. Раней падобную заяву зрабіў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. «Ніякага NATO, ніякіх замежных войскаў і дэмілітарызацыя Украіны, якую расейцы хочаць бачыць нейтральнай краінай, што азначае для яе вельмі ўрэзанае войска. Відавочна, гэтыя ўмовы непрымальныя для ўкраінцаў і для ўсіх нас », - падкрэсліў ён.

Са слоў Лекарню, у гэтым кантэксце можна разглядаць і дзейнасць так званай “кааліцыі жадаючых”, якая прымушае Украіну задумацца пра будучы фармат Узброеных сіл, а Францыю - пра магчымасці для сваёй вайсовай прамысловасці. “Улічваючы лёс Менскіх пагадненняў 1 і 2, мы ведаем, што любая дамоўленасць аб спыненні агню павінна суправаджацца гарантыямі бяспекі, каб не дапусціць аднаўлення вайны. Гэта непасрэдны інтарэс Еўропы. Мы не можам дазволіць сабе новую вайну кожныя тры гады ў гэтым рэгіёне.З гуманітарных, эканамічных і звязаных з бяспекай прычын», - падкрэсліў Лекарню.

У "кааліцыю жадаючых" уваходзяць 30 краін, гатовых даць міратворцаў для размяшчэння ва Украіне пасля вайны з мэтай стрымлівання Расеі. Высілкі ўзначальваюць Францыя і Вялікабрытанія. Яны разлічваюць, што ЗША забяспечаць місію сродкамі СПА, выведвальнымі звесткамі і дапамогуць кантраляваць мяжу, аднак Вашынгтон не спяшаецца даваць абяцанняў.

У Белым доме таксама расцэньваюць як непрымальнае патрабаванне Пуціна аб “дэмілітарызацыі” Украіны, падкрэсліваючы, што ў яе павінна быць адэкватна абсталяванае і ўкамплектаванае войска, казалі крыніцы Bloomberg у канцы красавіка.

Пуцін называў “дэмілітарызацыю” Украіны адной з мэтаў Расеі, калі абвясціў уварванне. Гэтае пытанне абмяркоўвалася вясной 2022 года - падчас перамоў паміж краінамі ў Стамбуле. Тады Расея запатрабавала скараціць УСУ да 85 тыс. вайскоўцаў, 342 танкаў і абмежаваць далёкасць палёту іх ракет 40 кіламетрамі. Кіеў настойваў на 250 тыс. салдатах з 800 танкамі і ракетамі, якія б'юць на 280 кіламетраў.

У ліпені кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў паведаміў, што патрабаванне аб "дэмілітарызацыі" Украіны застаецца.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках