Председатель Рады БНР: «Все идеалы Акта 25 марта станут действительностью»
- 20.03.2008, 17:01
«В Беларуси много политиков, которые способны привести страну к расцвету, я восхищаюсь многими оппозиционными белорусскими лидерами, их мужеством и самопожертвованием в ужасно тяжелых условиях, поэтому искренне верю, что в скором времени все идеалы Акта 25 марта станут действительностью», -- заявила председатель Рады БНР Ивонка Сурвилла во время онлайн-конференции, прошедшей на «Радыё Свабода».
- У дачыненьні Рады БНР Вы ўжываеце слова “легітымнасьць”. Патлумачце, калі ласка, калі беларускія грамадзяне шляхам выбараў альбо рэфэрэндуму выказвалі жаданьне ўтварыць незалежную дзяржаву?
- Сёньняшняя Рада БНР ёсьць беспасярэднім пераемнікам паўнамоцтваў тае Рады, якая была абраная Усебеларускім з’ездам і якая абвясьціла Незалежнасьць Беларусі. Яна была голасам тых 1872 дэлегатаў, абраных у розных рэгіёнах і рознымі слаямі насельніцтва. Гэтыя дэлегаты былі разагнаныя бальшавікамі 31 сьнежня 1917 году, таму што бальшыня іх выказалася за Незалежнасьць. Цяпер Рада абіраецца беларускай дыяспарай, пасьля чаго Рада абірае Старшыню. Хацелася б, каб так свабодна і дэмакратычна праводзіліся выбары ў Беларусі – бяз фальсыфікацыяў і іншых таталітарных мэтадаў. Таксама немагчыма назваць “рэфэрэндумам” тое, што праводзіць у Беларусі Лукашэнка.. Цяпер пра Вашыя словы, што нібыта беларусы ніколі не выказаліся шляхам выбараў ці рэфэрэндуму за незалежную дзяржаву. У 1991 годзе Вярхоўны Савет 12 скліканьня, абраны у 1990 годзе (у якім, нагадаю, значную частку складалі камуністы) і чыя легітымнасьць у той час не ставілася пад сумнеў – прагаласаваў за аднаўленьне Незалежнасьці Беларусі. Што да вынасу пытаньня аб Незалежнасьці на рэфэрэндум – дык патрэбы ў гэтым не было для нацыі, якая мае за сабой тысячагадовую гісторыю і стагодзьдзі змаганьня за Незалежнасьць. Гэтак жа, як не было патрэбы праводзіць рэфэрэндумы аб незалежнасьці, напрыклад, Гішпаніі, Францыі, Нямеччыны, Польшчы ды іншых краінаў.
- Што сёння рада БНР робіць у Беларусі?
- Рада БНР бароніць Незалежнасьць Беларусі. Спадзяюся, што Рада адыгрывае тую ролю, пра якую ў свой час казаў Васіль Быкаў.
- Хто з дзейнічаючых беларускіх палітыкаў Вам больш імпануе? Пры якіх умовах Вы можаце наведаць Беларусь?
- Рада БНР ня ёсьць партыяй. Яна падтрымоўвае ўсіх палітыкаў, якія стаяць на пазыцыях Незалежнасьці Беларусі і Акту 25 Сакавіка. І таму ня буду называць таго ці іншага палітыка. Мушу сказаць, аднак, што я захопленая шмат якімі апазыцыйнымі беларускімі лідэрамі, іхняй мужнасьцю і ахвярнасьцю ў страшэнна цяжкіх умовах. Вельмі перажываю, калі чую, што кагосьці кідаюць у турмы. У такіх выпадках я і мае калегі па Радзе БНР зьвяртаемся да ўрадаў краінаў, дзе мы жывем, з просьбай паўплываць на дыктатара. Адносна магчымасьці наведаць Беларусь – я ўжо недзе казала, што аднойчы менскі амбасадар сказаў, што, каб я напісала да Лукашэнкі, дык ён, напэўна, даў бы мне візу. Уважаю такую прапанову зьняважлівай.
- Якое Ваша стаўленне да Аляксандра Казуліна як палітыка? Ці ўяўляеце сабе яго ў якасці прэзыдэнта Беларусі?
- Я падпісала ліст за наданьне Аляксандру Казуліну прэміі Эўрапарлямэнту імя Андрэя Сахарава. Ён чалавек мужны і шчыра верыць у свае сілы. Спатыкалася ў Страсбургу з ягонай дачкой Вольгай, цудоўнай разумнай жанчынай, якая шмат робіць для вызваленьня свайго бацькі. Гэта, між іншым, робім і мы. Але выказвацца пра будучых кандыдатаў (якіх бы ні было) мне як Старшыні Рады БНР не выпадае.
- Паважаная Старшыня Рады БНР, як Вы ставіцеся да "Маладога Фронту" і ягонага выхаду з АДС?
- Захапляюся мужнасьцю юнакоў і дзяўчат з “Маладога Фронту”. Зьмітра Дашкевіча і Артура Фінькевіча прыгадваю ў сакавіцкім прывітаньні беларускаму народу. Я, безумоўна, жыву спадзяваньнем, што ўсе незалежніцкія партыі , пры іх адрозьненьнях, знойдуць супольную мову, бо толькі тады будзе магчымай перамога дэмакратыі над дыктатурай.
- Спадарыня Івонка! Хто, на вашу думку, самы перспэктыўны палітык ў Беларусі цяпер? Выкажыце свае стаўленьня да камуніста Калякіна. Нехта кажа, што ён дэмакратычны камуніст, але пры гэтым ускладае кьветкі помніку Леніна і ня прызнае існаваньне БНР.
- Часам я чытаю, што цяперашняму кіраўніку Беларусі няма альтэрнатывы. Гэта абсурд, каб 10-ці мільённы народ ня меў каго іншага, хто мог бы кіраваць краінай. У Беларусі шмат пэрспэктыўных палітыкаў, не хацелася б вылучаць кагосьці аднаго. Шмат каго зь іх уяўляю на чале краіны. Перакананая, што яны здольныя прывесьці Беларусь да росквіту. Адносна пытаньня пра спадара Калякіна. Тыдзень таму ён прысутнічаў ў Страсбургу, у Эўрапарлямэнце на Беларускім тыдні ў гонар 90-ых угодкаў БНР. Магчыма, гэтым ён выказаў сваё стаўленьне да БНР? Што да Леніна, дык я б не клала кветак да ягонага помніка, гэта факт. Ленін ня быў прыяцелем беларускага народу.
- У Вашай кнізе Вы пішаце шмат пра беларускіх жанчын. А якую ролю жанчыны ўвогуле маглі б адыграць ў лёсе краіны?
- Жанчыны маглі б адыграць вялікую ролю ў змаганьні за вольную, дэмакратычную, эўрапэйскую Беларусь. Як і ў кожнай краіне, ў Беларусі болей жанчынаў, чым мужчынаў. Гэта значыць, што, калі б жанчыны пажадалі, маглі б зьмяніць лёс краіны. Да гэтага, у Беларусі шмат жанчын папросту выдатных, разумных і энэргічных. Ведаю, што яны клапоцяцца пра тое, каб забясьпечыць штодзённае жыцьцё сваім дзецям. Але лепшую будучыню сваім дзецям яны забясьпечаць толькі ў вольнай дэмакратычнай і эўрапейскай Беларусі. Я перакананая, што, як казаў Караткевіч – “і адзін можа”. Дык моцна разьлічваю на актыўны ўдзел жанчын у беларускім жыцьці.
- Цікава ведаць, якія мерапрыемствы, прымеркаваныя да 90-ых угодкаў БНР адбываюцца ў Канадзе, ЗША, краінах Эўропы. Таксама цікава, ці ёсьць у гэтых краінах навуковыя цэнтры, дзе вывучаюць Беларусь, а таксама, дзе захоўваюцца дакумэнты па гісторыі дыяспары, архівы БНР, паваеннай эміграцыі?
- 90-ыя ўгодкі БНР шырока адзначаюцца ва ўсім сьвеце, там, дзе жывуць Беларусы – у краінах Эўропы, у ЗША. Канадзе, ў Аўстраліі. Пералік іх ўзяў бы шмат часу, інфармацыя пра гэта даступная ў Інтэрнэце і яе лёгка знайсьці, наведаўшы сайты дыяспары. Канешне, мы ўважаем, што галоўныя падзеі павінны адбыцца на Бацькаўшчыне. Наконт цэнтраў беларусістыкі. Больш як паўстагодзьдзя ў Нью-Ёрку працуе Беларускі Інстытут навукі і мастацтва (БІНІМ). Таксама з 1967 году працуе БІНІМ у Канадзе, які я, між іншым, ўзначальвала некалькі гадоў. У Лёндане дзейнічае ўсім вядомыя Скарынаўская бібліятэка і музэй, дзе таксама вядуцца дасьледаваньні. Усе гэтыя ўстановы маюць багатыя архівы. У красавіку ў ЗША будзе афіцыйна адкрыты Цэнтар беларускіх дасьледваньняў ў штаце Канзас. Яго мэтай таксама ёсьць збор беларускай калекцыі, выдавецкая і навуковая дзейнасьць.
- Раскажыце, калі ласка, як Вы будзеце святкаваць 90-годдзе БНР. Як першы раз яго святкавалі і якія былі пачуцці. Я вучуся ў Вільні. Ці не збіраецеся Вы ў Літву са сваёй новай кнігай?
- Пакуль што ў Літву прыехаць не магу, хаця і маю запрашэньне і мела намер гэта зрабіць, бо хацела б, акрамя іншага, павіншаваць з юбілеем цудоўнага беларуса Хвёдара Нюньку. Але справа ў тым, што мушу прысутнічаць на імпрэзах, якія былі даўно заплянаваныя і на якіх я паабяцала быць, і перанесьці тут ужо нешта немагчыма. Усе яны зьвязаныя з 90-мі ўгодкамі БНР. Бліжэйшыя дні правяду ў Празе. А першае сьвяткаваньне 25 сакавіка, якое добра памятаю, было ў 1948 годзе ў горадзе Кольдынгу, у Даніі, перад выездам нашай сям’і і іншых беларусаў ў Францыю. Былі там таксама дацкія госьці. Як заўсёды, гучалі даклады, вершы і лунаў Бел-Чырвона-Белы Сьцяг.
На разьвітаньне хачу падзякаваць за пытаньні і сказаць, што я моцна веру ў тое, што яшчэ пабачымся ў вольнай Беларусі, дзе будзе паважацца беларуская мова, будзе квітнець нацыянальная культура, і дзе ўсе ідэалы Акту 25 сакавіка стануцца рэчаіснасьцю. Жадаю ўсім беларусам радасна правесьці нашае вялікае сьвята 25 Сакавіка і надыходзячы Вялікдзень. Жыве Беларусь!
Даведка. Старшыня Рады БНР Iвонка Сурвіла (Шыманец) нарадзілася ў 1936 годзе ў Стоўпцах. З 1944 году – у эміграцыі. Жыла ў Францыі‚ Даніі‚ Гішпаніі. Цяпер жыве ў Канадзе. Мае дзьвюх дачок.
Скончыла вышэйшую Мастацкую Школу ў Парыжы‚ пазьней – лінгвістычнае аддзяленьне Сарбонскага Ўнівэрсытэту (1959). Акрамя роднае мовы‚ валодае яшчэ васьмю: францускай‚ гішпанскай‚ ангельскай‚ нямецкай‚ дацкай‚ лацінскай‚ нарвэскай‚ польскай.
У 1958-1965 гадох працавала ў беларускай рэдакцыі Гішпанскага Нацыянальнага Радыё. З 1969 году і да апошняга часу працавала англа-францускім перакладчыкам у Фэдэральным Урадзе Канады.
У 1989 годзе арганізавала Канадзкі Фонд Дапамогі Ахвярам Чарнобыля ў Беларусі і заставалася ягоным кіраўніком да моманту абраньня Старшынёю Рады БНР.