15 ноября 2024, пятница, 18:33
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Армейский дневник Франака Вячорки (часть 3)

4

Насильственно призванный в армию молодежный лидер Франак Вячорка продолжает службу. В своей новой части дневника он рассказывает, как оказался в военной части после госпиталя.

«Беларускія навіны» надрукавалі трэцюю частку дзённіка моладзевага лідэра Франака Вячоркі.

25 лютага. Беларуская мова ў войску

На прыканцы дзевяностых былыя вайскоўцы — Сяржук Чыслаў і Станіслаў Суднік — распрацавалі расейска-беларускі вайсковы слоўнік. Падобная праца вялася ў Міністэрстве абароны і раней, але была намёртва спыненая неўзабаве пасьля рэферэндуму аб наданьні расейскай мове статусу дзяржаўнай.

У слоўніку адшукаеш беларускія варыянты вайсковых званьняў, камандаў, сьпецыялізаванай лексікі. Аўтары відавочна апіраліся на тэрміналёгію 18-пачатку 20 стагодзьдзяў. Так, старшага лейтэнанта можна назваць паручнікам, лейтэнанта — падпаручнікам, генерала — гетманам. Гетманам жа называлі і ваеннакамандуючага ў ВКЛ.

Калі начальнік аддае загад, беларускі салдат крычыць «Рэй!». Савецкае «Есть!» запазычанае з часоў расейскай імперыі, што ў сваю чаргу скалькавана з ангельскага «Eye!». «Ура! Ура! Ура!» — таксама ангельская калька. Чыслаў і Суднік прапануюць покліч «Рубон!», пад які беларускія жаўнеры ішлі ў наступленьне.

Іншыя прыклады:

«Шагом марш!» — «Крокам руш!»

«Равняйсь!» — «Шыхтуйсь!»

«Смирно!» — «Зважай!»

«Вольна! — «Спачні!»

«Напра-во! — «Права фронт!»

«Кругом!» — «Тыл фронт!»

«На ремень!» — «На пас!»

«Здравия желаю!» — «Вітаю!»

«Товарищ» — «Спадар».

Гэтыя і іншыя каманды — экзотыка для салдат і афіцэраў.

Мне прыслалі чатыры асобнікі слоўніка. Адзін падару камбату, адзін — зампаліту. Два асобнічкі пакіну ў салдацкай міні-бібліятэчцы. Рана ці позна гэтая кніжка стане асноўным падручнікам беларускай арміі.

26 лютага. Суд, якога няма

Напісаў рапарт на імя начальніка шпіталя з просьбай даставіць мяне ў Менскі гарадзкі суд — 26 лютага ў 15.00. Гэта разгляд скаргі на рашэньне суда 23 студзеня, калі суд без майго ведама прыняў рашэньне аб законнасьці майго прызыву.

На суд, натуральна, мяне не адпусьцілі: «Разьбяруцца і безь цябе!». Мае інтарэсы прадстаўлялі адвакат ды бацька. Нашу справу разглядалі апошняй. Адвакат прадставіла асноўныя аргумэнты: што была парушаная працэдура, у асабістай справе — два розныя пратаколы прызыўной камісіі, а рашэньне суда 23-га студзеня — незаконнае, паколькі быў незапрошаны зацікаўлены бок.

Тры судзьдзі-жанчыны слухалі, слухалі, слухалі — і аб’явілі перапынак. Паўгадзіны суд раіўся з «сумленьнем». І халоднакроўна агучыў прысуд: усё законна і ўсім дзякуй, усе свабодныя...

1 сакавіка. Лекцыя аб шкодных звычках

У нядзелю ў 09.05, якраз пасьля разводу, — прагляд праграмы «Арсенал» і размова.

Зампаліт запытаў:

— Якія вы ведаеце шкодныя звычкі?

Самым сьмелым аказаўся сержант. Мы разам назвалі пяць асноўных шкодных звычак: п’янства, паленьне, наркаманія, асобна таксікаманія і нецэнзурная лаянка.

Кожнаму салдату, як высьветлілася, ёсьць чым падзяліцца з уласнага досьведу і досьведу блізкіх. Мне выпала расказваць пра нецэнзурную лаянку. Бальшыня салдатаў не пагадзілася, што мат — шкодная звычка («Мат — это основа русского языка», «Маты позволяют более эмоционально и точно выразить мысль», «Хто как хатит, тот так и гаварыт»...). Мне стала цяжка кіраваць дыскусіяй. Я аказаўся ў абсалютнай меншыні. Хлапцам няўцям, што мат ня толькі сьведчыць аб нізкай культуры чалавека, але і абражае людзей, у атачэньні якіх ты знаходзішся. Я сказаў, што радзіма мату — савецкія ды расейскія турмы і зоны, што нідзе ў Эўропе няма аналягу расейскай лаянцы. Хлапцы паспрабавалі паспрачацца, але ўрэшце пагадзіліся.

Адзін стараслужачы падняў руку:

– Мне вось, напрыклад, непрыемна, калі мяне афіцэры нецэнзурна абражаюць. Я чалавек спакойны, раблю ўсё павольна, але якасна. Мяне гэтыя абразы асабіста крыўдзяць.

– Ну дык скардзіліся б мне! — перабіў зампаліт.

– Гэта ж значыць «Стучать»!.. Гэта ж непрынята...

– Ну тады цярпіце...

Церпім.

2 сакавіка. Кантрабас

Для некаторых вайсковая служба ёсьць трамплінам у жыцьцё. Яны прыйходзяць у войска з малых гарадоў і вёсак, дзе цяжка знайсьці працу і самарэалізавацца. За паўтары гады службы хлапцы адрываюцца ад сям’і, блізкіх, былых заняткаў. Ляяльнасьць і стараннасьць высока цэняцца. Іх павышаюць у званьні і давяраюць асабісты падначалены склад. Для юнакоў гэта — сапраўднае прызнаньне, якога не дачакацца ў грамадзянскім жыцьці. Войска становіцца іх сям’ёй, яны ідуць на кантракт.

У нашай частцы палова асабістага складу – кантрактнікі, мужчыны 30-40 гадоў, але ёсьць і жанчыны. Салдаты тэрміновай службы называюць іх пяшчотна «кантрабасамі».

Кантрактнікі начуюць дома, а не ў казарме, ходзяць на службу, як на працу, зарабляюць грошы. Ва ўсім астатнім абавязкі ваеннаслужачых па кантракце нічым не адрозьніваюцца ад абавязкаў жаўнераў. Ня маючы ваеннай адукацыі, максымай салдата-кантрактніка ёсьць званьне старшага прапаршчыка. Заробкі, як правіла, нізкія і, насуперак уладным абяцаньням, памяншаюцца. Праз гэта аўтарытэт і папулярнасьць арміі імкліва падаюць. Моладзь, якая ў дзяцінстве марыла стаць ваеннымі, хутчэй пойдзе ў міліцыю, чым у сучаснае войска...

Написать комментарий 4

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях