15 ноября 2024, пятница, 11:41
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Dreamgale: «Працаваць і думаць па-новаму» (Аудыё)

12
Dreamgale: «Працаваць і думаць па-новаму» (Аудыё)

Адны з самых яркіх прадстаўнікоў швэдскага электра-попа запісалі сваю першую песьню па-беларуску для праекту «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2».

Гурт Dreamgale заснавалі два беларуса – Майк Сэндэр і Зьміцер Палагін, да іх далучылася швэдская мадэль і сьпявачка Сафія Матсан. Песьня мае назву «Апошняе сонца». Музыкі прызнаюцца, што падчас яе стварэньня ім давялося працаваць і думаць па-новаму.

Удзельнікі швэдскага электра-поп-гурта Dreamgale вырашылі не перакладаць на беларускую мову адзін з сваіх твораў, а запісаць для праекту «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2» абсалютна новую песьню, першую ў рэпертуары каманды на беларускай мове. «Так атрымалася, што нам прапанавалі ўдзел у складанцы якраз тады, калі мы працавалі над новым матэрыялам. А калі робіш нешта новае, перакладаць старыя песьні ды запісваць іх наноў ня надта цікава. Таму мы вырашылі стварыць беларускую вэрсію аднаго з трэкаў, над якім ішла праца», - кажа Майк Сэндэр. Ён пераехаў у Стакгольм зь Менску яшчэ ў 13 год, калі яго маці пабралася шлюбам з швэдам.

З другім удзельнікам Dreamgale Зьмітром Палагіным Майк сябруе яшчэ зь дзяцінства. Нягледзячы на такую адлегласьць, сябры сувязь не згубілі – Майк часам прыязджаў у Менск, Зьміцер наведваўся ў Стакгольм, пакуль урэшце ня вырашыў і сам перабрацца туды канчаткова – перавёўся зь ліцэя БДУ у Каралеўскі тэхнічны коледж. З гэтага часу хлопцы здолелі заняцца творчасьцю ўсур’ёз, хоць пачалі пісаць песьні яшчэ ў школьныя часы. Зьміцер, дарэчы, тады браў урокі ігры на гітары ў Сяргея Трухановіча, удзельніка гуртоў «Крама» і «Палац».

Да іх праекта далучылася яшчэ Сафія Матсан, швэдская сьпявачка і мадэль, сястра галівудскай акторкі Хэлены Матсан. У 2006 годзе яны пачалі студыйную і канцэртную дзейнасьць. Свой першы сынгл выдалі на лэйбле Sound Pollution, які працаваў з такімі гуртамі, як Nightwish і InFlames. Камандай заняўся прадусар Пэр Адэбрат (Ace of Base, Army of Lovers). У 2009 годзе выйшаў дэбютны альбом Dreamgale «Memories In Dark Crystal», песьні зь якога сталі радыёгітамі ў Скандынавіі. З ахвотай творы беларускіх швэдаў узялі і айчынныя радыёстанцыі.

Упершыню Dreamgale абазначыў сваю беларускасьць у песеньцы «Wonders», прычым з дапамогай Сафіі, якая выканала куплет на экзатычнай для яе мове. Акром таго, Майк Сэндэр прыцягнуў увагу да роднай краіны яшчэ і грамадзкай справай – ён узяўся адстаяць слушнасьць напісаньня назвы Belarus. «У Швэцыі афіцыйна нашу краіну называюць Vitryssland – літаральна "Белая Расея", таму і блытаюць нас з Расеяй, пытаюцца, як там справы, як там Мядзьведзеў пажывае. І кожны раз даводзіцца тлумачыць, што наша краіна самастойная», - кажа Майк, хоць пры гэтым зазначае, што большасьць швэдаў не падазрае пра яго паходжаньне, настолькі ён добра авалодаў мовай.

Для праекта «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2» Dreamgale запісаў песьню «Апошняе сонца». Зьміцер Палагін распавядае, што для іх гэта была нетыповая праца: «Нам прыйшлося працаваць і думаць па-новаму. Звычайна, калі мы пачынаем запісваць новы твор, то тэкст цалкам гатовы. Тут жа было зусім па-іншаму. А па-другое, гэта наш першы твор, які быў адразу створаны па-беларуску». «Мы пайшлі на гэты незвычайны для нас крок, каб паказаць нашым слухачам зь Беларусі нешта асаблівае», - дадае Майк. Хлопцы лічаць, што тэкст «Апошняга сонца» адзін з найбольш удалых у іх творчасьці і прызнаюцца, што было няпроста яго перакласьці на ангельскую для сынгла «Final Gorizont», які выйдзе ўвосень 2011 году.

Dreamgale ўпершыню наведаўся ў Беларусь сёлета ў лютым з новай, чацьвертай удзельніцай гурта, сьпявачкай Эмай Лагербэк. Гурт зьняўся для двух беларускіх тэлешоў і даў некалькі інтэрвію. Падчас наступнага прыезда ў Беларусь швэдская каманда хоча сыграць вялікі сольны канцэрт у Менску.

Песьня «Апошняе сонца» бярэ ўдзел у СупэрТуры на «Тузіне Гітоў»

Сяргей Будкін, Тузін Гітоў

Dreamgale – Апошняе сонца (муз. і сл. Гурта)

Гасьне сьвятло, зьнікае дзень,

Цёплым сьнегам плача цішыня.

Пасумуй са мной, мой цень.

Вельмі хутка і цябе ня стане тут.

Ці магу я захаваць той бясконцы момант?

Бо бегчы лягчэй, чым чакаць.

Апошняе сонца

Узыходзіць, як прыйдзе ноч.

І сумны анёл, быццам шэры прывід,

За мной сочыць бясконца.

Цені сьмяюцца,

Цемра крадзе мае сны.

І гасьне сусьвет, і лічу я хвіліны,

І мару прачнуцца.

Час цячэ, нібыта кроў,

Чорнай плямай расплываючыся па стале.

Час каменьне кідаць прайшоў,

Але ці мае плён зьбіраць каменьне ізноў?

І хочацца бегчы па сьценах і даху,

Бо бегчы прасьцей, чым чакаць.

Апошняе сонца

Узыходзіць, як прыйдзе ноч.

І сумны анёл, быццам шэры прывід,

За мной сочыць бясконца.

Цені сьмяюцца,

Цемра крадзе мае сны.

І гасьне сусьвет, і лічу я хвіліны,

І мару, мару прачнуцца.

Фота: dreamgale.com

Написать комментарий 12

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях