16 ноября 2024, суббота, 14:43
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Валер Булгакаў: «Барацьба не можа быць кулуарнай»

5
Валер Булгакаў: «Барацьба не можа быць кулуарнай»

150 гадоў назад, у ноч на 23 студзеня 1863 года, успыхнула паўстанне супраць Расіі.

У Беларусі яго ўзначаліў яго народжаны каля Белавежскай пушчы  Канстанцін Каліноўскі. Правадыр Паўстання 1863-га пайшоў на верную смерць, але стаў нацыянальнай легендай, піша «Наша Ніва».

Нас аддзяляе ад яго 150 гадоў — не такая і вялікая часавая адлегласць. Каб лёс і гісторыя склаліся іначай, Каліноўскі, народжаны ў 1838-м, мог бы дажыць да незалежнасці Беларусі. Мо і доля Беларускай Народнай Рэспублікі была б інакшай, каб у 1918-м на чале яе стаў патрыярх вызвольнага руху, жывая легенда — 80-гадовы Начальнік паўстання.

Каліноўскі — унікальная асоба. Ён быў ваяром і інтэлектуалам, ваяром-інтэлектуалам. Ягоная «Мужыцкая праўда» была першай, ашаламляльнай на той час спробай рабіць перыядычнае выданне па-беларуску.

Рэакцыя царскіх уладаў на паўстанне стварыла перадумовы для развіцця беларускага нацыяналізму.

Легенда Каліноўскага жыве. Імем Каліноўскага назвала Кастрычніцкую плошчу моладзь у часе пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006-га. Хлопцы робяць татуіроўкі з партрэтам «Кастанціна Вікенція». Чаму? Паспрабуем разабрацца.

Чаму паўстанне Каліноўскага так актуальна ўспрымаецца сёння і выклікае жывыя дыскусіі? Адказвае філосаф Валер Булгакаў.

- Ці адыграла паўстанне 1863 года нейкую ролю ва ўзнікненні беларускага руху?

- Паўстанне вяло да крышталізацыі беларускага руху. Выкліканы ім палітычны выбух нарадзіў беларускі нацыяналізм. Каліноўскі не быў яго родапачынальнікам, але праз свае рэвалюцыйныя пракламацыі ён заклаў новы тып грамадскай актыўнасці.

- Што маецца на ўвазе?

- Каліноўскі сваёй «Мужыцкай праўдай» прадвызначыў пэўныя мадэлі працы з грамадствам у варунках палітычнай несвабоды. Ён паказаў, што нават у самых змрочных умовах важна даходзіць да самага простага чалавека, а не замыкацца на «высокіх», «элітарных» асяроддзях.

У гэтым сэнсе Каліноўскі — цалкам сучасны дзеяч, які цудоўна разумеў, што барацьба за свабоду і дэмакратыю не можа быць кулуарнай.

- Так, у паўстанні Каліноўскага браў удзел малады Францішак Багушэвіч, пасля выдатны паэт, адвакат і аўтар знакамітага «Не выракайцеся ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». А ці змянілася пасля паўстання палітыка царызму адносна беларусаў?

- Паўстанне выклікала рост цікавасці да Беларусі, якая стала адным з тэатраў баявых дзеянняў, а таксама пастаўшчыком вайсковай сілы.

Пасля паўстання Беларусь стала ўспрымацца так, як мы разумеем яе цяпер: як вялізная краіна, ад Чарнігава і да Берасця, ад Беластока і да Смаленска, ад Дзвінска і да Пінска, населеная этнічнымі беларусамі, якія гавораць па-беларуску.

Прычым гісторыя распарадзілася так, што да выпрацоўкі новага, этнічнага разумення беларускасці прыклалі руку ідэалагічныя супернікі Каліноўскага — тагачасныя «заходнерусісты» на чале з Міхалам Каяловічам — у адказ на ідэі паўстання.

Паўстанне выклікала надзвычайную палітызыцыю і радыкалізацыю тагачаснага інтэлектуальнага асяроддзя.

Каб нічога такога падобнага ніколі не паўтарылася, імперскія ідэолагі імкнуліся разбурыць палітычнае і культурнае адзінства краёвай эліты даўнейшай Рэчы Паспалітай этнічнымі аргументамі.

Тагачасная расійская навука зрабіла ўсё, каб польскасць, якая грунтавалася на шырокіх грамадзянскіх падмурках, разумелася толькі ў вузкім этнічным сэнсе. Для палякаў гэта варажыла катастрофу: яшчэ нядаўна Віцебск і нават Смаленск успрымаліся як польскія гарады, а цяпер выяўлялася, што рускія (украінскія або беларускія) вёскі знаходзіліся за 70—100 кіламетраў ад Варшавы.

- У гэтым сэнсе «палітычнымі палякамі» былі і ўсе тагачасныя насельнікі беларускіх ды ўкраінскіх земляў?

- Калі гаворка пра каталіцкую і ўніяцкую эліту, то безумоўна так. У праваслаўных беларусаў полькасць нішчылася хутчэй, але формула «праваслаўны паляк» ні ў якім разе не вынаходка сацыялістычнай Польшчы. Падчас вайны 1812 праваслаўная эліта Магілёва станавілася на французскі бок і марыла аб адасабленні ад Расіі. У цэнтры краіны гэты дух захоўваўся і праз 50 гадоў: у 1850-я мінскіх гімназістаў ссылалі ў салдаты за дэманстрацыйнае падкрэсліванне сваёй польскасці.

- Выходзіць, паўстанне — паваротная падзея ў гісторыі беларускай нацыі і дзяржаўнасці. Рэакцыя царскіх уладаў на паўстанне стварыла перадумовы для развіцця беларускага нацыяналізму. Улады ў адказ на паўстанне сталі змагацца з «духам польскасці» і «перажыткамі літоўскасці», у выніку беларусы зразумелі, што яны на самой справе адрозніваюцца і ад палякаў і ад расейцаў. Да таго ж, расійскія ўлады пагадзіліся з назвай «Беларусь» для нашых зямель ізноў жа, каб яна выціснула старую, «небяспечную» назву «Літва». І тая назва «Беларусь» прыжылася. Калі б не паўстанне, то і назва «Беларусь» магла б не замацавацца, і асяроддзе не радыкалізавалася. Вось такія парадаксальныя наступствы часам маюць гістарычныя падзеі... Цікава, што савецкая гістарычная канцэпцыя таксама падавала Каліноўскага як героя.

- Савецкая палітыка гістарычнай памяці была супярэчлівай і надзвычай хлуслівай. Каліноўскаму «пашчасціла», бо ён быў паўстанцам, а ў выніку ўзброенага паўстання самі бальшавікі захапілі ўладу.

Таму неўзабаве пасля кастрычніцкай рэвалюцыі, у 1920-я, яму было адведзена пэўнае месца ў нацыянальным пантэоне Савецкай Беларусі — у якасці героя другога ці хутчэй трэцяга плана. З яго імем была звязаная пэўная індустрыя — вуліцы Каліноўскага, партрэты, літаратурныя творы. Прычым залічэнне ў пантэон было б ужо немагчымае ў 1930-я або 1940-я гады праз унутраную трансфармацыю савецкай сістэмы. На шчасце, традыцыя была закладзена раней і заскарузлая савецкая сістэма ўжо не знайшла ў сабе сіл выкрасліць Каліноўскага з афіцыйнага канону памяці.

Палітыка памяці ў цяперашняй Беларусі падобная да савецкай. Праўда, афіцыйны дыскурс цяпер усхваляе не рэвалюцыйныя паўстанні, а рэчы цалкам супрацьлеглыя — стабільнасць і палітычную пераемнасць.

Таму некаторыя сённяшнія ідэолагі топчуць нагамі Каліноўскага. «Конечно, праздновать тут нечего, поскольку этот экстремистский боевой листок [«Мужыцкая праўда»], издававшийся группой польских радикалов, не делает чести ни нашей литературе, ни публицистике», — піша галоўны рэдактар часопіса Адміністрацыі прэзідэнта «Беларуская думка» Вадзім Гігін.

- Дзеля чаго гэта робіцца?

- Нацыянальная памяць прэпаруецца і ачышчаецца ад усіх персанажаў з духам мяцежнасці, паўстанцкай рамантыкі. Ствараецца прарасійская версія беларускай гісторыі, яе героі па вызначэнні не могуць процістаяць уладзе, пагатоў са зброяй у руках. Сімптаматычна, што адзінай дзяржаўнай узнагародай, якую Лукашэнка скасаваў за час свайго кіравання, быў ордэн Каліноўскага.

Самыя вядомыя выказванні Каліноўскага:

-  Не народ для ўрада, а ўрад для народа.

-  Дык сейце ж, дзецюкі, як прыйдзе пара, поўнаю рукою — не шкадуйце працы,— каб і мужык быў чалавекам вольным, як ёсць на цалюткім свеце.

-  У нас, дзецюкі, суды — гэта воўчая яма, дзе не разбіраюць, ці за табой праўда, ці не. Бяспекі ніякай няма, хто дужэйшы, той і глуміць; а войска то не для таго трымаюць, каб аберагаці кожнага ад злых людзей, а для таго, каб не пазволіць народу і застагнаць, калі пазнае сваю няволю, калі згледзіцца, што дзяруць з яго над сілы.

(З «Мужыцкай праўды», якая выдавалася паўстанцамі ў лясах)

- З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і можа раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, — але не жаль згінуць за тваю праўду.

Прымі, народзе, па шчырасці маё слова прадсмертнае, бо яно як з таго свету толькі для дабра твайго напісана.

Няма ж, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку. Тады ён толькі можа жыць у багацці, праўдзе, тады ён толькі, памаліўшыся Богу, заслужыць неба, калі збагаціць навукай розум, разаўе сэрца і радню цэлую сэрцам палюбіць. Але як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам навука праўдзівая з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай навукі, — адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, але на пагібель нашу.

Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тады толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе.

Твой слуга Яська-гаспадар з-пад Вільні.

(«Лісты з-пад шыбеніцы», напісаныя з турмы)

Написать комментарий 5

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях